Футбол можа быць небясьпечны для здароўя заўзятараў

Валер Каліноўскі, Прага Чэмпіянат сьвету па футболе мэдыкі ва ўсіх краінах успрымаюць вельмі сур’ёзна. Міністар аховы здароўя Мэксыкі рэкамэндаваў заўзятарам пазьбягаць моцных эмоцыяў, у Ганконгу ім жа прапанавалі есьці болей садавіны, а ня тлустай ежы і бульбы-фры. Эўрапейскія лекары прапануюць трымаць ля стадыёнаў рэанімацыйныя машыны, здольныя аднаўляць працу сэрца.
Калі зборная Англіі па пэнальці прайграла сваім зацятым супернікам-аргентынцам на чэмпіянаце сьвету 1998 года, ангельскія шпіталі зафіксавалі рост інфарктаў на 25 адсоткаў. Брытанскія навукоўцы ня лічаць гэта выпадковым і мяркуюць, што значная параза ў футболе можа выклікаць такія ж праблемы са здароўем сардэчнай сыстэмы, як і землятрусы ці вайсковыя дзеяньні. Прафэсар псыхалёгіі Бірмінгемскага ўнівэрсытэту Дуглас Кэрол тлумачыць гэты фэномэн:

(Кэрол: ) "Гэта вялікія душэўныя пакуты, якія падзяляюцца адначасова вялікай колькасьцю людзей. Насельніцтва Англіі – 50 мільёнаў, 22 мільёна зь якіх глядзела гэты матч з Аргентынай. Землятрус ці ракетная атака перажываюцца напэўна больш цяжка, але за футбольным матчам сочыць больш людзей. У выніку ўплыў усіх гэтых падзеяў на здароўе насельніцтва можа быць аднолькавы”.

Аналягічны “футбольны эфэкт” зафіксавалі дасьледчыкі ў іншых эўрапейскіх краінах. Яны тлумачаць праблемы са здароўем заўзятараў падвышэньнем ціску крыві, стрэсамі, што стварае дадатковыя праблемы для каранарнай артэрыі. У мінулым траўні адзін з брытанскіх футбольных фанаў, 50-гадовы Дэвід Люкхарст, пад час фінальнага матчу Ангельскай футбольнай лігі ў Кардзіфе перанёс інфаркт і пазьней памёр. Ён не перажыў зацятага матчу паміж Лівэрпулем і лёнданскім Вэстгэмам.

Аднак, як сьведчыць доктар Эўген Кац зь Лязаны, не заўсёды футбольныя эмоцыі прыносяць праблемы для здароўя. Калі француская футбольная зборная выйграла чэмпіянат сьвету 1998 года, у Францыі сьмяротнасьць ад сардэчна-сасудзістых хваробаў зьменшылася, бо ўсеагульная эўфарыя зьменшыла ўзровень стрэсу. Для мужчын ёсьць дадатковыя матывы быць заўзятарам, бо калі іх каманда выйграе, то ў іх павышаецца ўзровень тэстастэрону – асноўнага мужчынскага сэксуальнага гармону. Калі ж прайграе – то, адпаведна, зьніжаецца...

Амэрыканскія псыхолягі прыйшлі да высновы, што перажываньні за пэўную каманду могуць выклікаць зьмены ў настроі і самапавазе чалавека. Пры гэтым навукоўцы высьветлілі, што жанчыны меней успрымальныя да стрэсаў, выкліканых футболам, як, дарэчы, і да стрэсаў пад час землятрусу ці вайны, што тлумачыцца іх біялёгіяй і псыхалёгіяй.

Менавіта таму лекары рэкамэндуюць мужчынам, якія маюць сардэчныя праблемы, глядзець футбол разам з жонкамі. Прынамсі, тыя змогуць у выпадку чаго выклікаць хуткую, а самі пры гэтым спакойна дасядзяць да фінальнага сьвістка.