Ці павінны беларусы гаварыць па-беларуску?

Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне беларускай “Свабоды” задаваў людзям наш менскі карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Ці павінны беларусы гаварыць па-беларуску?”

(Спадар: ) “Думаю — хто як хоча. І па-беларуску, і па-расейску, і па-ўкраінску. Якая розьніца? Як хто больш прыстасаваўся. Ёсьць у нас людзі навукі. Нехта па-ангельску гаворыць, хтосьці па-нямецку”.

(Спадарыня: ) “Думаю, павінны гаварыць па-беларуску. Я сама гавару па-расейску, але мне вельмі падабаецца беларуская мова. Менавіта мова Тарашкевіча. І сама вельмі хачу загаварыць па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму беларусы павінны гаварыць па-беларуску?”

(Спадарыня: ) “Мова фармуе самасьвядомасьць. Як асобнага чалавека, так і цэлай нацыі. Таму калі няма мовы — няма нацыі”.

(Спадарыня: ) “Гэта іхнае права. Могуць гаварыць па-беларуску, а могуць — не”.

(Спадар: ) “Пэўна ж! Гэта ж родная мова. Гістарычна так склалася. Я не гавару, на жаль, па-беларуску. Але вельмі хацелася б”.

(Хлопец: ) “Думаю, што павінны. Гэта наша родная мова, наша культура, спадчына”.

(Пэнсіянэр: ) “Дык калі ласка — на любой мове гаварыце, колькі ўлезе”.

(Дзяўчына: ) “Павінны, бо гэта мова беларусаў. Гэта мова нашых продкаў, і такім чынам мы можам дэманстраваць нашую незалежнасьць. Гэтым мы адрозьніваемся ад іншых нацыяў”.

(Спадар: ) “Павінны. У Беларусі ж жывем”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што родную мову павінны ўсе ведаць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, хто як хоча. Усё ж такі вырасьлі людзі з расейскай мовай, і гучала пераважна яна. Таму думаю, што калі ў кагосьці ёсьць жаданьне, часам чуеш беларускую мову — і гэта прыгожа. Калі яна правільная. Цяжка пераадольваць гэты бар’ер, але трэба падтрымліваць тых, хто хоча гаварыць па-беларуску”.

(Спадар: ) “Як яны гэтага будуць жадаць — дык няхай гавораць. А калі ім камфортней гаварыць па-расейску, няхай гавораць”.

(Школьнік: ) “Я думаю, што беларусы павінны паважаць сваю родную мову і абавязаныя гаварыць па-беларуску”.

(Спадар: ) “Абавязкова павінны, але ж мне здаецца, гэта немагчыма”.