Сябра БНФ: "Мяне не бяруць у армію з-за маёй партыйнасьці"

Радыё Свабода, Наваполацак Сёлета грамадзкаму актывісту Аляксею Трубкіну з Наваполацку споўнілася 19 гадоў, і ён падлягае прызыву на вайсковую службу. Падчас апошняй выбарчай кампаніі яго арыштавалі на 7 сутак, а пасьля заканчэньня тэрміну, адразу ж з ізалятару, завезьлі ў Полацкі ваенкамат. Там яму паведамілі аб прызыве ў войска. Праходзячы мэдкамісію, прызыўнік паведаміў, што зьяўляецца сябрам Беларускага Народнага Фронту.
Што было потым, распавядае сам Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Амаль кожны тыдзень наведваў ваенкамат. Былі сумоўі з прадстаўнікамі розных вайсковых частак. Размаўлялі са мной дэсантнікі зь Віцебску, спэцназаўцы з Мар’інай Горкі, памежнікі, танкісты… Усе яны адмаўляліся мяне браць з-за маёй партыйнасьці. Пры мне памежнік тэлефанаваў таварышу і пытаўся: што са мной рабіць? Адказ я пачуў на адлегласьці. Той крычаў: “Не! Ні ў якім выпадку!” Урэшце мне і яшчэ аднаму хлопцу, які стаіць на ўліку ў псыхдыспансэры, сказалі, што мы радзіме не патрэбныя, і што мы ня годныя служыць у беларускім войску”.

Мы патэлефанавалі вайсковаму камісару Полацкага аб’яднанага ваенкамату палкоўніку Нячаеву з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю. Вось што ён нам паведаміў:

(Нячаеў: ) “У нас да адбору вельмі сур’ёзны падыход. Па-першае, чалавек павінен валодаць пэўнымі маральна-валявымі якасьцямі, мець добрае здароўе. Таму тут ніякіх палітычных падыходаў быць ня можа. А непасрэдна адбор ажыцьцяўляюць прадстаўнікі вайсковых частак. Яны задаюць пытаньні, датычныя спэцыфікі службы, і глядзяць — ці падыходзіць чалавек. Скажам, ці добра ён бегае крос, як ён падцягваецца… Ці той у яго склад розуму. Ёсьць з каго выбіраць і выбіраюць самых лепшых”.

***

Нагадаем, выступаючы перад удзельнікамі Трэцяга ўсебеларускага сходу Аляксандар Лукашэнка загадаў міністру абароны Леаніду Мальцаву прызваць у войска ўсіх апазыцыянэраў, якія ўхіляюцца ад службы. “У войска іх, Леанід Сямёнавіч! Ня пойдуць — закон ужывайце. Усе ўхіліліся ад войска. Вось нядаўна праверылі ўсіх апазыцыянэраў: хто ў іх за сьпінамі стаіць і дзяцей — усе адкасілі ад войска”. Гэтак казаў Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка на Ўсебеларускім сходзе.

У прэсавай службе Міністэрства абароны карэспандэнту “Свабоды” заявілі, што палітычныя погляды ня могуць быць прычынай адмовы ў прызыве на тэрміновую вайсковую службу. Там нагадалі, што гэтага права пазбаўленыя толькі тыя, хто прызнаны судом злачынцам.