Магілёў: пэнсіянэр пагражаў узарваць сябе гранатай

Радыё Свабода, Магілёў У Магілёве мужчына сталага веку ледзь ня скончыў жыцьцё самагубствам праз баявую гранату. Месцам для суіцыду ён абраў гаражны масіў у шчыльна заселеным раёне гораду. Прычынай сталіся канфлікты ў сям’і. Пра змрочны намер мужчыны ў Кастрычніцкі райаддзел Магілёва паведаміў ягоны сын.
Вядома, што перамовы з патэнцыйным самагубцам, які зачыніўся ва ўласным гаражы, доўжыліся болей за гадзіну. У выніку ён спачатку ўпусьціў да сябе сына, а потым уласнаруч разрадзіў гранату й тут жа быў затрыманы міліцыянтамі. Падчас ператрусу гаража знайшлі перадсьмяротную запіску.

У аддзеле грамадзкіх сувязяў міліцыі паведамілі, што на пэнсіянэра завялі крымінальную справу паводле артыкулу 295 “Незаконныя дзеяньні адносна зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў”. Сьледзтва мае высьветліць таксама, дзе пэнсіянэр здабыў баявую гранату.