“Сікстынскую Мадону” ўратаваў беларус

Радыё Свабода 50-ю гадавіну аднаўленьня сваёй працы пасьля другой усясьветнай вайны адзначае гэтымі днямі Дрэздэнская мастацкая галерэя (Цьвінгер). З нагоды гэтага юбілею газэта Moskauer Deutsche Zeitung зьмясьціла артыкул журналіста Тыны Кюнцэля пра тое, дзе, як і кім у траўні 1945 была знойдзеная “Сікстынская Мадона”. Галоўны герой нарысу – 87гадовы менскі пэнсіянэр Іван Бяка.
Напачатку вайны галоўныя скарбы галерэі, уключна з “Сікстынскай Мадонай” Рафаэля, былі эвакуяваныя зь Цьвінгераўскага палацу і схаваныя ў розных кутках Саксоніі. Пасьля вайны, паводле загаду савецкага ўраду, знойдзеныя пераможцамі экспанаты апынуліся ў СССР. У Дрэздэн яны вярнуліся ў 1955. Не апошнюю ролю ў гэтым вяртаньні адыграла месца знаходжаньня галерэі – дружалюбная Саюзу ГДР.

Доўгі час экскурсаводы Дрэздэнскай галерэі расказвалі наведвальнікам прыблізна такую гісторыю: “Гэта было травеньскай раніцай 1945. Пасьля брытанскага бамбаваньня і Цьвінгераўскі Палац, і сам Дрэздэн ляжалі ў руінах. Перад батальёнам Чырвонай арміі, які ўвайшоў у гэты горад, была пастаўленая задача: адшукаць галоўныя каштоўнасьці славутай галерэі. Пасьля пільных пошукаў савецкім салдатам удалося знайсьці ў руінах скрыні са скруткамі карцінаў. У адной з такіх скрыняў і была “Сікстынская Мадона” Рафаэля. Маладыя салдаты, убачыўшы шэдэўр, былі настолькі ўзрушаныя, што паводле ўласнай ініцыятывы ўстанавілі ля карціны двайную варту. Потым гэты ды іншыя скарбы накіравалі на рэстаўрацыю ў СССР...”

Журналіст Тына Кюнцэль расказвае сваім чытачам куды больш празаічную гісторыю. Плян кампэнсацыі стратаў савецкіх музэяў за кошт мастацкіх твораў, якія належалі Нямеччыне, пачаў рыхтавацца ў СССР яшчэ ў 1943. У студзені 1945 капітан Чырвонай Арміі Іван Бяка трапіў на службу ў гэтак званую камісію па ваенных трафеях.

Ён мусіў зьбіраць інфармацыю пра рух і месцазнаходжаньне экспанатаў нямецкіх музэяў, а таксама адшукваць іх. У траўні 1945 адзін з маршрутаў капітана палягаў на поўдзень Саксоніі. На сваім шляху група ўбачыла забіты дошкамі чыгуначны танэль. Менавіта там за старымі вагонамі былі і знойдзеныя скруткі прыкладна 160 карцінаў, у тым ліку Рубэнса, Бругэля, ван Дэйка, Рафаэля...

“Наколькі верагоднай падаецца вам гэтая гісторыя?” – пытаюся ў аўтара публікацыі журналіста Тыны Кюнцэля.

(Кюнцэль: ) “Мне цяжка што-небудзь сьцьвярджаць. Напачатку адказная супрацоўніца Дрэздэнскай галерэі доктар Ута Найдгард сказала: “Падобнае немагчыма, паколькі насамрэч гісторыя вельмі дакладна задакумэнтаваная. Акрамя таго, пасьля вайны ў Савецкім Саюзе зьявілася шмат самых розных легендаў пра знойдзенную карціну Рафаэля”. Аднак, калі перад публікацыяй я даслаў у Дрэздэн гэтыя свае нататкі, я атрымаў наступны адказ з галерэі: “Вельмі верагодная гісторыя, у ёй шмат такіх дэталяў, якія цяжка прыдумаць”. Што да маіх асабістых уражаньняў, то Бяка – ня той чалавек, які здольны выдумляць штосьці неверагоднае”.

Тына Кюнцэль дае мне менскія кантакты спадара Бякі і просіць перадаць яму, што артыкул пасьля доўгіх экспэртызаў нарэшце надрукаваны, і што неўзабаве Іван Кандратавіч атрымае яго па пошце.

“Мы вельмі радыя гэтай публікацыі, аднак Іван Бяка, на жаль, памёр некалькі месяцаў таму”, гаворыць Вольга, дачка героя нарысу.

(Вольга Бяка: ) “Ведаеце, таты няма. Калі ж пра яго ўзгадваюць, то дзякуй Богу”…

Паводле Вольгі Бяка, бацька вельмі нямногім распавядаў гэтую гісторыю і калі б не ягоны сябар, таксама вэтэран вайны, менчук Мікалай Дуброўскі, гісторыя пра знаходку так і засталася б невядомай. Расказвае Мікалай Дуброўскі.

(Дуброўскі: ) “Гэты быў вельмі сьціплы чалавек. Некаторыя пра сябе любяць шмат расказваць. А гэты наадварот. Я ледзь пераканаў яго сустрэцца з журналістамі… Прыйшлі да яго ў госьці, а ў яго ў двухпакаёвай кватэры чатыры койкі. Я спытаўся ў яго: “Чаму ты так па-жабрацку жывеш?”. А ён: “Напэўна не заслужыў. Калі жонка была, то стаяў у чарзе. А калі памерла, выкрэсьлілі з чаргі”.

Спадар Дуброўскі сьведчыць, што ён літаральна “выбіў” кватэру для свайго сябра. Шкада, што гэта здарылася незадоўга да сьмерці Івана Бякі, таксама шкада, што яму, Дуброўскаму, так і не ўдалося дапамагчы гэтаму сьціпламу чалавеку ажыцьцявіць ягоную даўнюю мару: наведаць Дрэздэнскую галерэю.

Сам Іван Бяка шкадаваў, што тады, у траўні 1945, яму амаль не ўдалося ўбачыць “Сікстыстынскай Мадоны”. Скруткі карцінаў былі тэрмінова перададзеныя кіраўніцтву камісіі па ваенных трафеях.