Тыднёвы агляд міжнародных рэакцый на беларускія падзеі

Вячаслаў Ракіцкі, Менск Абвастрэньне стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, газавы канфлікт паміж Менскам і Масквой і магчымыя яго наступствы для беларускай эканомікі выклікалі былі ў цэнтры ўвагі многіх замежных палітыкаў і журналістаў.
“Сытуацыя ў Беларусі вельмі няпростая, і ўсё ж я веру ў перамогу свабоды на гэтай зямлі,” – заявіў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, калі атрымліваў званьне ганаровага доктара ўнівэрсытэту Хайфы ў Ізраілі. Ён падкрэсьліў, што і сам актыўна ўдзельнічае ў працэсе дэмакратызацыі і ўсяляк дапамагае тым, хто гэту свабоду адстойвае.

Застаюцца вострымі шэраг пытаньняў двухбаковых адносінаў Беларусі і ЗША. Амэрыканскую пазыцыю адносна іх выклаў у інтэрвію агенцтву "Інтэрфакс" амбасадар ЗША ў Менску Джордж Крол. Ён заявіў, што адміністрацыя прэзыдэнта Буша “ў асноўным супраць прыняцьця эканамічных мераў, усеабдымных эканамічных санкцыяў”. “Гэта ня надта эфэктыўна, гэта ўскладняе эканамічныя ўмовы ў Беларусі”, – патлумачыў Джордж Крол і дадаў, што Злучаныя Штаты “ня бачаць ворага ані ў асобе Беларусі, ані ў беларускім народзе, ані ў беларускім кіраўніцтве”.

Сваё бачаньне шляху разьвязаньня канфлікту паміж заходнімі краінамі і беларускімі ўладамі выказала на гэтым тыдні Расея. У сваіх выступах на гэтак званай міні-сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) у Маскве сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў й міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заклікалі Эўропу да дыялёгу з афіцыйным Менскам. На думку Барыса Грызлова, “Сыгналі Менску павінны быць пазбаўленыя ўльтыматыўнай афарбоўкі”. Расейскі палітык прызнаў, што ў Маскве не заплюшчваюць вочы на тыя складанасьці, зь якімі сутыкаецца грамадзянская супольнасьць Беларусі, аднак Масква адкідае надуманыя абвінавачаньні ў тым, што Беларусь быццам нясе пагрозу стабільнасьці і бясьпецы ў рэгіёне”.

Да заяваў расейскіх палітыкаў скептычна паставіліся многія эўрапейскія парлямэнтары. Нідэрляндзкі парлямэнтар, сябра палітычнага камітэту й падкамітэту па Беларусі ПАРЭ Бэрт ван Вінзэн заявіў Радыё Свабода, што “заклікі расейскага міністра Сяргея Лаўрова да дыялёгу паміж ПАРЭ й афіцыйным Менскам можна трактаваць толькі наступным чынам: Расея як новы старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы мусіць падрыхтаваць Беларусь да падобнага дыялёгу”.

(Бэрт ван Вінзэн: ) “Калі гаварыць пра пазыцыю ПАРЭ ў пытаньні далейшых дачыненьняў зь Беларусьсю, то яна абсалютна дакладная: мы ня хочам ізаляцыі гэтай краіны. Мы мусім думаць пра будучыню яе насельніцтва, а таму разьвіваць супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных праектаў, ладзіць кантакты зь няўрадавымі арганізацыямі, дэмакратычнымі сіламі й гэтак далей. Адначасна мы мусім працягваць ціск на беларускае кіраўніцтва з тым, каб у гэтай краіне працягваўся працэс дэмакратызацыі”.

*** Эўрапейскія палітыкі, дзяржаўныя і грамадзкія інстытуты працягваюць свой дыялёг зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй і выступаюць у абарону прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, на якіх аказвае ціск улада.

Так, Эўрапейскі зьвяз запатрабаваў неадкладна спыніць перасьлед Беларускага Хэльсынскага камітэту, які, паводле Брусэлю, мае палітычны характар. Аўстрыйская прэзыдэнцыя ў адмысловай заяве ад імя Эўрапейскага зьвязу падкрэсьлівае, што яшчэ 4 студзеня Брусэль выказаў расчараваньне рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі ў справе БХК, які пастанавіў, што гэтая арганізацыя ўсё ж павінна плаціць штрафы, вызначаныя раней. Гэты дакумэнт падтрымалі і краіны-кандыдаткі на далучэньне да Эўразьвязу – Румынія і Баўгарыя, а таксама Турэччына, Харватыя, Македонія, Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Украіна і Малдова.

У Бундэстагу – парлямэнце Нямеччыны – фракцыя “зялёных” распрацавала практычныя рэкамэндацыі дзеля супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Размова ідзе пра падтрымку рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, пра стварэньне адмысловых студэнцкіх і моладзевых праграмаў, пра больш лібэральную практыку атрыманьня нямецкіх візаў шараговымі беларускімі грамадзянамі, пра канкрэтную дапамогу грамадзянскай супольнасьці й незалежным СМІ. Адна з распрацоўніцаў праекту, сябра Бундэстагу й ПАРЭ Марылюізэ Бэк паведаміла Радыё Свабода, што і “зялёныя”, і прадстаўнікі іншых парлямэнцкіх фракцыяў зьвярнуліся да нямецкага кіраўніцтва з тым, каб беларускае пытаньне было разгледжанае ў часе саміту вялікай васьмёркі, што адбудзецца ў Пецярбургу.

(Бэк: ) “Гэта патрабаваньне зыходзіць ад камітэту міжнародных справаў Бундэстагу. Нямецкія палітыкі таксама зьвярнуліся з адпаведным заклікам і да кіраўніцтва Эўразьвязу. Беларускае пытаньне павінна быць узьнятае ў Пецярбургу. Афіцыйны Менск па-ранейшаму ігнаруе дэмакратычныя свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, свабоду сходаў і гэтак далей, і такім чынам надалей ізалюецца ад Эўропы. Калі Расея выступае з прапановай пра дыялёг зь Беларусьсю, то, зразумела, удзельнікам пецярбурскага саміту трэба й спытацца ў Расеі, якую ролю яна зьбіраецца адыгрываць ува ўсім гэтым”.

Тым часам прадстаўнікі беларускай апазыцыі былі прынятыя ў Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны і Бундэсканцылярыі. Нямецкі бок цікавіла, што могуць зрабіць Нямеччына, Эўразьвяз дзеля дэмакратызацыі Беларусі, якая павінна быць стратэгія адносна Беларусі.

На гэтым тыдні лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч уганараваны прэміяй фундацыі ўсясьветнага форуму Кран-Мантана. Гэтая прэмія прысуджаецца за вялікія заслугі ў справе барацьбы за мір, свабоду й дэмакратыю.

***

Напрыканцы тыдня беларускі ўрад і расейскі “Газпром” зрабілі чарговую і зноў безвыніковую спробу дамовіцца пра цану на расейскі газ, што будзе пастаўляцца ў Беларусь у 2007 годзе. Паводле назіральнікаў, перамоўны працэс будзе доўгім і складаным. Падаю меркаваньне кіраўніка аналітычнага дэпартамэнту маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Тацяны Станавой:

(Станавая: ) “Я думаю, што перамовы паміж “Газпромам” і афіцыйнымі асобамі Беларусі без Лукашэнкі будуць мець фармальны, пратакольны характар. Гэта будзе пляцоўка для гандлю. Рэальна ўсе рашэньні будуць прымацца на вышэйшым узроўні – то бок Лукашэнкам і Пуціным асабіста”.

У гэтым зьвязку польская “Gazetа Wyborczа” напісала, што Расея хоча праглынуць Беларусь пры дапамозе газу”, змусіць беларускае кіраўніцтва да хуткага падпісаньня канстытуцыйнага пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю аб стварэньні адзінай дзяржавы, прычым на ўмовах Масквы. Газэта падкрэсьлівае, што ёсьць дзеля гэтага дзьве прычыны – магчымасьць для Ўладзімера Пуціна застацца ў Крамлі пасьля 2008 году ў якасьці кіраўніка гэтак званай "саюзнай дзяржавы" і жаданьне “далучыць што-небудзь да Расеі пасьля таго, як ад Масквы адвярнуліся Ўкраіна, Грузія і Малдова”.