Візы ў Латвію бясплатнымі ня сталі

Радыё Свабода Ня спраўдзіліся паведамленьні некаторых мэдыяў пра тое, што ад 1 чэрвеня візы ў Латвію для грамадзянаў Беларусі стануць бясплатнымі. Першы сакратар амбасады Латвіі ў Беларусі Дзідра Ліепіня паведаміла, што сёньня консульска-візавая служба працуе ў звычайным парадку.
(Ліепіня: ) “Да нас сёньня, як звычайна, прыходзяць людзі й аплачваюць кошт візаў, атрымліваюць іх. Людзей больш, чым учора”.

На сёньняшні дзень аднаразовая віза ў Латвію для грамадзянаў Беларусі па-ранейшаму каштуе 35 эўра, шматразовая — 70.

Як паведамляе прэсавая служба кабінэту міністраў Латвіі, пытаньне пра выдачу бясплатных візаў грамадзянам Беларусі будзе, праўдападобна, разглядацца 6 чэрвеня.

Ініцыятыва зрабіць бясплатныя візы для жыхароў Беларусі зыходзіць ад Эўрапейскага парлямэнту. Яшчэ летась ягоныя дэпутаты заклікалі краіны Эўразьвязу пайсьці на такі крок, каб спрасьціць беларусам перамяшчэньне па Эўропе.