31 траўня – Ўсясьветны дзень без тытуню

Радыё Свабода 31 траўня ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень без тытуню. Ўсясьветны дзень без тытуню быў заснаваны ў 1987 годзе паводле ініцыятывы краінаў-ўдзельніцаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Гэткім чынам маецца на мэце прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да эпідэміі паленьня ў сьвеце. Адмыслоўцы заяўляюць, што менавіта паленьне зьяўляецца крыніцаю многіх захворваньняў і вялікай сьмяротнасьці людзей. Напярэдадні Ўсясьветнага дня без тытуню ўрад Беларусі абвясьціў аб распрацоўцы праекту закону “Аб здароўі народу”. Законапраект плянуе абмежаваць папулярызацыю тытуню, а таксама паленьне ў асяродку моладзі.
Законапраект “Аб здароўі народу” мае на мэце абмежаваць рэкляму тытунёвых вырабаў, а таксама забараніць продаж цыгарэт асобам, маладзейшым за 21 год. Вось як гэта пракамэнтаваў галоўны нарколяг міністэрства аховы здароўя Беларусі Уладзімер Максімчук.

(Максімчук: ) “Паленьне не бяскрыўдны фактар, асабліва для маладых людзей. Тут і пасьпяховасьць, і няўвага, і непакой, і інтарэсы. Гэта ўсё незаўважна, але пасьля фармуецца ўстаноўка на шкодныя звычкі, і далей гэта можа разьвівацца. Таму міністэрства будзе падтрымліваць гэтыя прапановы. Магчыма, што да поўнай забароны на паленьне ў грамадзкіх месцах. І наша задача, каб гэта пасьлядоўна распаўсюджвалася й стала нормай, а ня тое, каб па загаду. Каб усе яшчэ выконвалі ўсе загады, дык было б прасьцей”.

Паводле Ўладзімера Максімчука, сярэдняя працягласьць жыцьця аматара тытуню на 18 гадоў карацейшая за жыцьцё звычайнага чалавека. Штогод у Беларусі ад хваробаў, выкліканых паленьнем, памірае каля 15 тысяч чалавек. Як ставяцца да прапановы абмежаваць продаж цыгарэтаў паводле ўзросту самі маладыя людзі? Пра гэта цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах гораду.

(Спадар: ) “Ды нармалёва стаўлюся. Каб мне іх да 21 году не прадавалі, можа я зараз бы й не паліў”.

(Юнак: ) “Я лічу, што паленьне гэта вельмі небясьпечна. Я сам не палю й вельмі добра стаўлюся да гэтых забаронаў”.

(Юначка: ) “Я таксама не палю, але не падтрымліваю гэта, бо калі чалавек захацеў папаліць, то ён папросіць нейкага старэйшага купіць і папаліць. Я лічу, што гэта залежыць ад выхаваньня й перадусім трэба адпаведнае выхоўваць людзей, а ня нейкія законы прыдумляць”.

(Юнак: ) “Трэба імпартныя цыгаркі прыбраць, а пакінуць “Беламор”, “Астру” бязь фільтру й тады ўжо дакладна ня будуць паліць”.

(Юнак: ) “Такая ж практыка прымянялася шмат у якіх краінах сьвету, гэта эўрапейская практыка й я лічу, што гэта разумныя меры”.

Гаварылі менскія мінакі. За змаганьне з заганнай звычкай выступае таксама старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа. Аднак ён перакананы, што толькі абмежавальнымі сродкамі праблему ня вырашыць.

(Патупа: ) “Абмежавальныя меры ўплываюць на аб’ём продажу – гэта вядома. Але вырашальны ўплыў зрабіць наўрад ці магчыма, бо спосабаў знайсьці цыгаркі праз сяброў і знаёмых дастаткова шмат. Таму найперш трэба рабіць максымальна бясьпечнымі тытунёвыя вырабы й зважаць на культуру карыстаньня. Змагацца трэба, але максымальна негвалтоўнымі сродкамі. Бо любы гвалт сустракае ўсемагчымы супраціў і можна толькі пагоршыць становішча”.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, у Беларусі паліць 23% насельніцтва, старэйшага за 15 год. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, ад хваробаў, зьвязаных з паленьнем, у сьвеце кожныя 6,5 сэкундаў памірае чалавек. Людзі, якія пачынаюць паліць у падлеткавым узросьце й паляць цягам 20 гадоў, памруць на 25 гадоў раней, чым іхныя аднагодкі, якія ня маюць залежнасьці ад тытуню.