ЦК КПСС даваў грошы посткамуністам Польшчы

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава ЦК КПСС напярэдадні развалу Савецкага Саюзу даваў грошы на стварэньне ў краінах усходняй Эўропы, прынамсі, у Польшчы, новых посткамуністычных партыяў – гэтак вынікае з рассакрэчаных у мінулыя выходныя дакумэнтаў.
Міністар юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра пераказаў журналістам дзьве тысячы старонак дакумэнтаў сьледзтва ў справе так званай “маскоўскай пазыкі”.

З дакумэнтаў вынікае, што ў 1990 годзе кампартыя Савецкага Саюзу прызначыла 1 мільён 200 тысячаў даляраў і 500 мільёнаў польскіх злотых на падтрымку польскіх камуністаў, якія ў выніку першых часткова вольных выбараў страцілі ўладу ў краіне.

Грошы накіроўваліся на стварэньне прыязнай савецкай намэнклятуры сацыял-дэмакратычнай партыі Польшчы і, сярод іншага, паўстаньне новай газэты посткамуністаў “Трыбуна” з былой “Трыбуны люду”.

Адметна, што грошы з Масквы ў Варшаву прывезьлі ў звычайных торбах – без усялякага мытнага кантролю ці адпаведнага афармленьня. З дакумэнтаў вынікае, што вярнулі польскія камуністы сваім маскоўскім таварышам толькі 600 тысячаў далараў.

У часе прэсавай канфэрэнцыі Збігнеў Зёбра заявіў, што цяпер ужо вядома, як паўсталі посткамуністычныя рухі ў свабоднай Польшчы.

(Зёбра: ) “Вось так нарадзіліся посткамуністычныя палітычныя сілы ў Польшчы – мы ведаем цяпер з чыёй дапамогай. Посткамуністы ўжо тады стваралі парасон, пад якім хаваліся скарумпаваныя людзі, якія лічылі, што знаходзяцца па-за законам”.

Цяперашнія польскія посткамуністы з Саюзу левых дэмакратаў (СЛД), аднак, кажуць, што іхная партыя, якая была створаная менавіта на базе Сацыял-дэмакратычнай партыі, нічога супольнага з “маскоўскай пазыкай” ня мае.

Гаворыць лідэр СЛД Войцех Алейнічак:

(Алейнічак: ) “Добра бачна, і трэба пра гэта памятаць, што гэта палітычная справа, і правыя цяпер да яе вяртаюцца, каб выкарыстаць гэтыя матэрыялы ў цяперашніх палітычных спрэчках”.

На пачатку 1990-х у справе “маскоўскай пазыкі” пачалося сьледзтва, аднак калі ў 1993 годзе да ўлады ізноў прыйшлі посткамуністы, справу закрылі і нават звольнілі пракурораў, якія хацелі працягваць сьледзтва.

Цяпер аднавіць сьледзтва немагчыма, бо паводле польскіх законаў нельга пакараць за падобныя злачынствы, калі ад часу іх зьдзяйсьненьня мінула больш за 10 гадоў.