У Менску зьняты з пракату “Код да Вінчы”

Радыё Свабода У Менску зьняты з пракату фільм “Код да Вінчы”, які быў зроблены паводле раману Дэна Браўна. Такое рашэньне было прынятае ў сувязі з пратэстамі прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.
Начальніца рэклямнага аддзелу “Кінавідэапракату” Натальля Патапенка кажа, свае абавязаньні перад гледачамі гэтае прадпрыемства выканала:

(Патапенка: ) “Мы далі магчымасьць нашым слухачам паглядзець чатыры дні пракату ў трох найбуйнейшых кінатэатрах. Быў такі зварот да гледачоў: “Зьвяртаем вашу ўвагу на тое, што фільм “Код да Вінчы” зьняты рэжысэрам Ронам Хаўрдам на аснове фантастычнага раману Дэна Браўна. Усе факты, выкладзеныя ў сюжэце, зьяўляюцца аўтарскім вымыслам і ня маюць гістарычнага грунту”.

Ксёндз-пробашч касьцёлу Уладзіслаў Завальнюк спыніў чысты пост, які ён трымаў на знак пратэсту супраць дэманстрацыі фільму. “Цяпер гэтую абразу Хрыста ня будуць пракатваць у Беларусі”, – кажа ксёндз.

Кінакрытык Максім Жбанкоў невысока ацэньвае мастацкія якасьці фільма “Код да Вінчы” і лічыць забарону стужкі неадэкватнай рэакцыяй царкоўных дзеячаў на пасярэдні прадукт масавай культуры. (Падрабязьней)