Андрэй Клімаў распрацаваў палітычны плян да 2025 году

Радыё Свабода, Менск Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў зьвярнуўся да аб’яднаных дэмакратычных сілаў з пасланьнем, у якім прапанаваў новую тактыку дзеяньняў для беларускай апазыцыі на пэрыяд 2006-2008 гадоў.
Апазыцыйны палітык, які цяпер адбывае пакараньне на гэтак званай "хіміі", лічыць неабходным абраць новага адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў. Андрэй Клімаў прапануе прадстаўнікам аб’яднанай апазыцыі правесьці “круглы стол” з кіраўнікамі сілавых ведамстваў і Нацыянальнага сходу, Генпракурорам, кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта і старшынём Канстытуцыйнага суду.

Андрэй Клімаў лічыць патрэбным пачаць падрыхтоўку да масавай маніфэстацыі 25 сакавіка 2007 году з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньнем датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

У прапанаванай Клімавым стратэгіі дэмакратычных сілаў да 2025 году – абраньне новага прэзыдэнта і прыход да улады новага дэмакратычнага ўраду, распрацоўка новай энэргетычнай стратэгіі Беларусі, уступленьне краіны ў Эўразьвяз і Сусьветную гандлёвую арганізацыю і правядзеньне беларускага “Нюрнбэрга” над памагатымі рэжыму Лукашэнкі.

Пасланьне накіраванае з папраўчай ўстановы № 22 у вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці, дзе апазыцыйны палітык адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” за правядзеньне несанкцыянаванай вулічнай акцыі летась на Дзень Волі.