На месцы флэш-моба затрымалі двух фотакораў замежных агенцтваў

Радыё Свабода Сёньня на 20-ю гадзіну ў Менску быў заплянаваны пачатак чарговага флэш мобу. На заплянаванае месца каля чыгуначнага вакзалу прыйшло шмат міліцыі і журналістаў.
(Карэспандэнтка: ) "Я знаходжуся каля Чыгуначнага вакзалу, дзе меў адбыцца флэш-моб: некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся, каб ладзіць акцыю. Але ўсярэдзіне будынку вакзала, а таксама на плошчы сабралася яшчэ больш супрацоўнікаў міліцыі. Тут і байцы спэцназу, міліцыянты ў цывільным, а таксама ў форменнай вопратцы. Ёсьць некалькі патрулёў з сабакамі.

Міліцыянты пачалі хапаць моладзь, як толькі хтосьці выходзіў з падземнага пераходу. У выніку затрымалі фотакарэспандэнта агенцтва "Ройтэрс" Васіля Фядосенку, а таксама фотакарэспандэнта агенцтва "Асашыэйтэд Прэс" Сяргея Грыца. Журналісты-калегі падыйшлі ў дзяжурную частку міліцыі на вакзале і папрасілі адпусьціць замежных журналістаў, на што міліцыянты адказалі: "будзем разьбірацца".

Яны схапілі двух чалавек, якія папросту ішлі з электрычкі: мужчыны абураліся, пыталіся, куды вы нас цягнеце – ім адказалі: "вы будзеце сьведкамі". Але гэтых сьведкаў затрымалі недзе празь пяць хвілінаў пасьля таго, як затрымалі фотакораў.

На вуліцы па-ранейшаму дзяжураць міліцыянты і не даюць нікому сабрацца. Моладзь кажа, што яны будуць шукаць магчыма іншае месца – яны ўсё ж такі маюць намер давесьці флэш-моб да канца. Міліцыянтаў на гэты момант празь 10 хвілінаў ад пачатку акцыі сабралася каля двух сотняў чалавек".

Нагадаю, удзельнікі акцыі зьбіраліся прайсьці з партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі і надпісам “шукаю чалавека”, каб выказаць сваю заклапочанасьць зьнікненьнем Аляксандра Лукашэнкі з экранаў тэлебачаньня.