Віцэ-прэзыдэнт ЗША: "Улады Беларусі забараняюць сьцяг сваёй уласнай краіны"

Радыё Свабода, Вільня "Беларуская нацыя пацярпела ў вялікіх войнах і мае досьвед жахлівых стратаў. Цяпер народ Беларусі пазбаўлены свабоды апошняй дыктатурай у Эўропе", – заявіў сёньня віцэ-прэзыдэнт ЗША падчас свайго выступу на прадстаўнічай канфэрэнцыі ў Вільні.
4 траўня ў Вільні працягваецца канфэрэнцыя “Агульнае бачаньне агульнага суседзтва” з удзелам новых сяброў Эўразьвязу і NАTO, а таксама іншых краінаў рэгіёну Чорнага мора, Балтыі і Ўсходняй Эўропы, якія хочуць далучыцца да гэтых арганізацыяў.

У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Баўгарыі, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Малдовы, Румыніі, Украіны, а таксама віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні і кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША, як і бальшыня іншых выступоўцаў, закрануў у сваёй прамове беларускае пытаньне:

(Чэйні: ) "Мы ўсе зацікаўленыя і будзем дамагацца дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Гэта нацыя пацярпела ў вялікіх войнах і мае досьвед жахлівых стратаў. Цяпер народ Беларусі пазбаўлены свабоды апошняй дыктатурай у Эўропе.

З намі сёньня тут змагары за дэмакратыю ў Беларусі. Мы вітаем іх на гэтай канфэрэнцыі. Мы таксама чакалі сустрэчы сёньня з апазыцыйным лідэрам Аляксандрам Мілінкевічам, але ён нядаўна быў пасаджаны ў турму менскім рэжымам.

Рэжым павінен пакласьці канец гэтай несправядлівасьці і вызваліць спадара Мілінкевіча, а таксама іншых дэмакратычных актывістаў, якія ўтрымліваюцца за кратамі.

Сьвет ведае, што адбываецца ў Беларусі. Мірных дэманстрантаў зьбіваюць, іншадумцы зьнікаюць, у краіне пануе клімат страху дзякуючы ўладам, якія адмаўляюцца праводзіць свабодныя выбары і забараняюць сьцяг сваёй уласнай краіны. У адзінай і свабоднай Эўропе няма месца для рэжыму такога кшталту".

Гл. таксама: • Вільня: Хавіер Саляна заклікаў вызваліць Мілінкевіча • Прэзыдэнт Польшчы: падтрымка дэмакратыі ў Беларусі хутка прынясе вынікі • Брытанскі міністар выказвае падтрымку тым, хто стаяў на плошчы ў Менску