"Ня верылася, што апазыцыя сапраўды павядзе народ на Бангалор"

Радыё Свабода Пра што піша незалежная беларуская прэса 1 траўня.
Газэта “Белорусы и рынок” публікуе інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам, зробленае прыкладна за гадзіну да арышту лідэра аб’яднанай апазыцыі, раніцай 27 красавіка.

У гэтым інтэрвію спадар Мілінкевіч прызнаецца, што ня вытрываў бы такой напружанай працы, якая яму выпала цягам апошніх месяцаў – калі б не адчуваў энэргіі людзей, гордасьці за тое, што ёсьць вынік гэтай працы.

Палітык гаворыць таксама пра некаторыя свае найбліжэйшыя пляны. Зь сёньняшняга нумару газэты можна даведацца й пра тое, што Эўразьвяз цягам найбліжэйшых тыдняў завершыць распрацоўку стратэгіі ў дачыненьні Беларусі й да лета накіруе ў Менск свайго адмысловага дыпляматычнага паверанага.

“Белгазета” падводзіць вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург. “Напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Пецярбург цыркулявалі дзьве трактоўкі ваяжу… – піша вядомы аглядальнік Янка Грыль. – Масква выклікала малодшага брата трымаць справаздачу ці малодшы брат прапхнуў сабе камандыроўку ў Піцер дзеля гутарак пра істотнае й дэманстрацыі дулі ў кішэні чальцам “васьмеркі”. Пуцін дзейнічаў паводле першага сцэнара, Лукашэнка імкнуўся ўкласьціся ў сюжэтную канву другога”.

Таксама ў “Белгазеце” можна прачытаць артыкул “Чарнобыльскі швах” Віктара Марціновіча. “Што менавіта магла вырашыць адна акцыя непадпарадкаваньня, было цалкам зразумела, але захоўвалася надзея на нейкі сюрпрыз, нарыхтаваны праціўнікамі рэжыму. Прарвуцца на Кастрычніцкую плошчу й стануць там лягерам. Застануцца на ноч на Акадэміі навук, каб раніцай іхная колькасьць падвоілася. Ня верылася толькі ў адно: у тое, што апазыцыя запраўды павядзе народ на Бангалор. Менавіта гэта яна й зрабіла”, – гаворыцца ў артыкуле.

“Витебский курьер” спрабуе даведацца, ці дала плён забарона віцебскіх уладаў на гандаль півам і гарэлкай у начны час. Такая навіна была ўведзеная паўгода таму, цяпер жа ж ноччу нельга гандляваць нават дарагімі вінаграднымі вінамі й каньяком. Віцебская міліцыя лічыць, што сытуацыя ў горадзе стала больш спакойнай, чыноўнікі з упраўленьня гандлю кажуць, што на тавараабарачэньні такія абмежаваньні не адбіліся. Разам з тым шмат якім жыхарам гораду такія захады не падабаюцца. Прынамсі, вынікі апытаньня на сайце упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму паказалі, што больш за палову апытаных альбо супраць забароны продажу алькагольных напоеў уначы, альбо хоча, каб абмежаваньні не былі гэтулькі жорсткімі.