Гарадзенцы — пра арышт лідэраў апазыцыі

Радыё Свабода, Горадня Ці ведаеце вы аб тым, што пасьля “Чарнобыльскага шляху” былі арыштаваныя Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка і Аляксандар Бухвостаў? Як вы ставіцеся да гэтых арыштаў? На гэтыя пытаньні адказвалі мінакі, зь якімі гутарыў наш карэспандэнт.
(Спадарыня: ) “Гэта абуральны факт, таму што акцыя была дазволенай. Увогуле, гэтая падзея павінна адзначацца ў нашай краіне, і калі людзі выйшлі і хацелі выказаць сваё меркаваньне, выказаць свае пачуцьці, то гэта трэба было толькі падтрымліваць, а не караць арганізатараў. А ўвогуле я лічу, што гэта чарговы акт запалохваньня людзей, лідэраў апазыцыі. Улады папросту баяцца новых мерапрыемстваў гэтай даволі рэвалюцыйнай менскай вясны-2006”.

(Спадар: ) “Мой адказ такі: слушна, што іх пасадзілі за краты. Мерапрыемства было дазволена ўладамі ў тым месцы, дзе яно было дазволена, а ня там, дзе арганізатары хацелі яго праводзіць”.

(Малады спадар: ) “Меркаваць, хто мае рацыю, а хто — не, я ня буду, але лічу, што кожны мае права на тое, каб выказваць уласнае меркаваньне”.

(Маладзён: ) “Я сапраўды чытаў пра ўсё тое, што адбылося ў Менску пасьля “Чарнобыльскага шляху”, і што лідэры беларускай апазыцыі былі арыштаваныя. Для мяне гэта папросту шок, я вельмі і вельмі шкадую з гэтай прычыны. Мне вельмі сорамна, што гэта адбываецца ў маёй дзяржаве, і хацеў бы штосьці зьмяніць, але разумею, што гэта не ў маіх сілах”.

(Спадар: ) “Мой знаёмы прыбег і сказаў, што бачыў у некага ў руках газэту, дзе было напісана літаральна, што “Мілінкевіч атрымаў свой першы тэрмін”. Мне вядома, што гэта звыклая справа для Беларусі. Я прызвычаіўся, і мяне нават ня дзівяць арышты, бо я ведаю, што пасьля “Чарнобыльскага шляху” абавязкова кагосьці пасадзяць за краты”.

(Малады спадар: ) “Так, перадавалі ў польскіх навінах, што арыштавалі Мілінкевіча, і паказвалі яго за кратамі. Арыштавалі яго на пятнаццаць дзён. Я не сачыў за акалічнасьцямі, але мне падаецца, што ў кожным свабодным грамадзтве людзі павінны свабодна выказваць свае думкі, і гэта ня ёсьць падставай для іх арышту”.

(Маладзён: ) “Ну, канечне, я чуў пра арышт, бачыў у навінах па НТВ. Гэта, безумоўна, няправільна. І натуральна, што Захад гэта асуджае, і лепей бы ўжыў якія-небудзь сур’ёзныя санкцыі супраць нашых уладаў. Кожны чалавек можа выказваць тое, што ён думае”.

(Спадар: ) “Так, я чуў пра гэта. Стаўлюся, канечне, адмоўна. Нельга перасьледаваць людзей за тое, што яны дбаюць пра нашую экалёгію”.