А.Дынько: Хлусьня ўлады вернецца да яе бумэрангам

Радыё Свабода (Скобла: ) "Беларуская ўлада любіць рабіць незвычайныя падарункі. Саюз беларускіх пісьменьнікаў упершыню паспрабавалі ліквідаваць на ягоныя ж 70-я ўгодкі. А газэта “Наша Ніва” прычакала аналягічны падарунак на свой 100-гадовы юбілей. Менгарвыканкам даслаў у рэдакцыю ліст, у якім тыднёвіку адмаўляецца ў праве на юрыдычны адрас, без якога пэрыядычнае выданьне паводле дзейнага заканадаўства існаваць ня можа. Прычынай адмовы паслужылі дзесяць акрэсьцінскіх сутак рэдактара газэты Андрэя Дынька."
(Скобла: ) “Яшчэ гадоў тры-пяць таму ўлада старалася свае дзеяньні неяк юрыдычна абгрунтоўваць. Як выглядае ваша сытуацыя з гледзішча пісанага права?”

(Дынько: ) “З гледзішча права ўсё, што адбываецца, гэта проста вар’яцтва. У праве няма такой нормы, як “мэтазгоднасьць”. Менгарвыканкам нам піша ў лісьце: “Лічым немэтазгодным прадастаўленьне юрыдычнага адрасу…” У права ёсьць закон, і ён парушаецца альбо выконваецца. А тут — “мэтазгодна” альбо “немэтазгодна”. Дзіўная аргумэнтацыя — немэтазгодна, таму што рэдактар адбываў адміністрацыйны арышт.

А чаму тады БТ вяшчае, калі Рыбакова пасадзілі? Трэба тады й БТ зачыняць.

Але што мы можам у гэтай сытуацыі? Адзінае — дакумэнтаваць і захоўваць дакумэнты. Пройдзе час, вернецца панаваньне права ва ўсе сфэры, і тады мы будзем падаваць у суд. Бо ў нашым выпадку будзе нанесеная канкрэтная шкода прадпрыемству. І тыя людзі, якія яе наносяць, будуць павінны яе кампэнсаваць. Гэта адназначна.

Мяне вельмі палохае, што ўлады дазваляюць у пэўных сфэрах беззаконьне. Здавалася б: ты хочаш некага зачыніць? Ну, прымі закон адпаведны і зачыняй у адпаведнасьці з законам. Хочаш ты арыштаваць тых, хто знаходзіцца на плошчы, — прымай закон, дзе пішы: у такі-то час прыносіць тэрмасы з чаем на Кастрычніцкую плошчу забараняецца. Ну, і арыштоўвай усіх з тэрмасамі. Але калі людзі нясуць чай, а ты іх вінаваціш у дробным хуліганстве… А пасьля прымушаеш сотні амапаўцаў, судзьдзяў казаць заведамую хлусьню, судзіць па заведамай хлусьні, прывучаеш людзей да хлусьні, то гэтая хлусьня да цябе вернецца бумэрангам”.

(Чытаць поўны тэкст інтэрвію)