Штраф – за распаўсюд перадвыбарчых матэрыялаў

Радыё Свабода Берасьцейскі абласны суд сёньня пакінуў бяз зьменаў рашэньне адміністратыўнай камісіі Драгічынскага раёну, якая пакарала штрафам 5 базавых велічыняў мясцовага актывіста штабу Мілінкевіча Ўладзімера Казеку.
Яшчэ напрыканцы мінулага году актывіста выбарчай кампаніі з Драгічына Ўладзімера Казеку міліцыянты спынілі ў Белаазёрску і забралі з ягонай машыны 800 асобнікаў газэты “Народная Воля”, 2 бюлетэні, у якіх распавядалася пра Аляксандра Мілінкевіча, і 20 паштовак з выявай кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Нумары газэты неўзабаве былі вернутыя, а бюлетэні і паштоўкі сталіся падставай для складаньня пратаколу наконт незаконнага распаўсюду друкаваных выданьняў.

Адміністратыўная камісія Драгічынскага раёну пакарала спадара Казеку штрафам 5 базавых велічыняў, а раённы суд адхіліў ягоную скаргу. Сёньня аналягічнае рашэньне прыняла і абласная судовая ўстанова.

У часе выбарчай кампаніі Ўладзімер Казека быў таксама пакараны арыштам на 5 сутак нібыта за хуліганства.