Наваполацак: дэмакратычныя актывісты зладзілі пікет

Радыё Свабода, Новаполацак Сёньня актывісты дэмакратычнага руху Наваполацку зладзілі пікет салідарнасьці з Казуліным ды іншымі палітзьняволенымі.
Санкцыянаваная ўладамі акцыя прайшла каля гарадзкога палацу культуры. У ёй бралі ўдзел дзесяць чалавек. Пікетоўцы трымалі вялікую расьцяжку са слоганам перадвыбарчай праграмы Казуліна: “За краіну, за народ, за цябе!”, а таксама зьбіралі подпісы пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня палітвязьня.

Агулам было сабрана блізу ста подпісаў. Апроч таго, удзельнікі пікету раздавалі дэмакратычную прэсу ды сувэніры з сымболікай Эўрапейскага зьвязу. Сёньняшняя акцыя адкрывае месячнік салідарнасьці з палітзьняволенымі, які зьбіраюцца зладзіць наваполацкія актывісты.