Магілёў: афіцыйны мітынг адбыўся на тэрыторыі псыхіятрычнага шпіталю

Радыё Свабода, Магілёў У афіцыйнай жалобнай імпрэзе на 20-я ўгодкі Чарнобыля ўдзельнічалі кіраўнікі раённых адміністрацыяў Магілёва, а таксама прадстаўнікі пацярпелых раёнаў вобласьці. Выступоўцы шмат казалі пра працу дзяржавы дзеля ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Мітынг адбыўся ля помніка ахвярам Чарнобылю. Помны знак месьціцца ля колішняга будынку Інстытуту экалёгіі й радыяцыйнай мэдыцыны. Тры гады таму гэтую ўстанову зьліквідавалі. Цяпер у будынку лекуюцца пацыенты псыхіятрычнага шпіталю.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Магілёва праігнаравалі мітынг.

Паводле кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгора Костусёва, грамадзкія актывісты не жадаюць паўтарэньня леташняй сытуацыі, калі ім не дазволілі нават ускласьці вянок да помніка.