Казулін прапанаваў Мілінкевічу аб''яднаць сілы для дапамогі рэпрэсаваным

Радыё Свабода Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу і сябрам палітрады Кааліцыі дэмакратычных сіл (КДС) арганізаваць сумесныя дзеяньні дэмакратычных сіл.
У звароце, які Казулін перадаў з-за кратаў, прапаноўваецца аб''яднаць намаганьні па вызваленьні палітычных зьняволеных і арганізацыі дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій падчас масавых акцый пратэсту.

"Мы прапаноўваем стварыць сумесны грамадзкі камітэт, куды ўвайшлі б прадстаўнікі арганізацый, якія ўжо даўно і рэальна займаюцца дапамогай рэпрэсаваным, гэта могуць быць прадстаўнікі праваабаронцаў, Беларускага Хэльсынскага камітэта, Беларускай асацыяцыі журналістаў, камандаў Казуліна і Мілінкевіча. Прапанова накіравана на тое, каб скаардынаваць намаганьні ўсіх зацікаўленых арганізацый, а не разьбівацца на групкі, – тое, што адбываецца зараз", – гаворыцца ў лісьце Аляксандра Казуліна Аляксандру Мілінкевічу і сябрам кааліцыі дэмакратычных сіл.

Прэсавы сакратар Мілінкевіча заявіў, што калі такая прапанова паступіць, яна будзе разгледжаная палітрадай кааліцыі дэмакратычных сіл.