Беларускія каталікі адзначаюць Вялікдзень

Радыё Свабода, Менск Беларускія каталікі адзначаюць адно з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў – Уваскрашэньне Хрыстова. Як яны сьвяткуюць Вялікдзень, у вернікаў-каталікоў цікавілася наша карэспандэнтка.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы сьвяткуеце Вялікдзень і ці памятаеце, як гэта было ў Вашым дзяцінстве й юнацтве? Ці розьняцца сьвяткаваньні тады й зараз?”

(Спадарыня: ) “Як сьвяткавалі? Гэтак, як і зараз. Мы ведалі, што новую сукенку, хоць і паркалёвую, але апрануць, новыя чаравічкі. Вядома ж, і яйкі фарбавалі, валачобнікі хадзілі. У касьцёл даяжджалі ў Чырвонае, што каля Маладзечна. Маліліся па-польску, а зараз, як я чую беларускую імшу, то я проста шчасьлівая”.

(Юначка: ) “У мяне веруючыя бацькі, мы заўсёды адзначаем у Ракаве. У нас там печка цудоўная, у якой мама заўсёды булкі пячэ”.

(Спадар: ) “Чысты чацьвер: грэюць баню, ідзем у баню, пасьля посныя стравы ядзім, куцьцю. Тата запрагаў каня, садзіў усіх нас дзяцей і ехалі да касьцёлу – хто ў Шклоў, а хто ў Магілёў да касьцёла, каб пасьвянціць там усё”.

(Спадарыня: ) “У маім юнацтве вайна была, але касьцёлы былі. Затым прыйшлі саветы, касьцёлы пазачынялі. Хто мог, дабіраўся да Вільні, а ў Менску касьцёла не было, і вера была занядбаная. Людзі дома маліліся, і гэтак вера захавалася. А як было тады й зараз – ня мае значэньня. Галоўнае, каб чалавек маліўся, нават сваімі словамі”.

(Спадарыня: ) “На ноч ішлі ў касьцёл, сьпявалі песьні вяліканочныя – гэта ў вёсцы ў Смаргоньскім раёне было. Маладым было сьвята – чатыры дні пляскі, гулянкі. А зараз што – вось прыйшла, па-старыкоўскі пасяджу ў касьцёле, дома сьвянцонку зьем – вось і ўсё вясельле”.

(Юнак: ) “Для мяне, як для міністранта, гэта павінен быць вельмі строгі й адказны дзень. Усе, хто дапамагаюць ксяндзам, біскупам, павінны паставіцца да гэтага з усёй адказнасьцю”.

(Карэспандэнтка: ) “Вялікдзень як сьвяткавалі некалі й зараз?”

(Спадарыня: ) “Некалі пасьля вайны вельмі цяжка было. Касьцёлы былі зачыненыя. Зараз, дзякаваць Богу, што касьцёлы й цэрквы адчыненыя, і мы можам свабодна схадзіць. А то дзеці былі ня хрышчаныя. Зараз жа зусім іншае ўсё. Я толькі думаю, навошта гэта два сьвяты? Няхай бы зрабілі адно. Хрыстос жа адзін!”

(Спадарыня: ) “Гэта такая была радасьць нам! Як мы чакалі гэтае сьвята! Ня тое, што зараз – ядуць штодня ўсё, што ёсьць. А тады пост быў постам, былі пабеленыя печы, паклееныя хаты. І гэта так было сьвяточна, асабліва для нас, для дзяцей, бо мама старалася нейкую новую сукеначку зрабіць, весела было, дружна. Зараз гэтага няма, а каб аднавіць, то шмат намаганьняў прыкласьці трэба. Вось за гэта й молімся”.

(Юначка: ) “Я арганістка й іграю ў касьцёле Сьвятога Дамініка. Сваёй музыкай я дапамагаю людзям удзельнічаць у гэтым сьвяце, і я адчуваю сябе вельмі шчасьлівай”.

(Юнак: ) “Канечне, вельмі важная й традыцыя, якую мы маем спакон веку ад нашых продкаў – асьвячэньне яек, вяндліны. Але самае галоўнае – духоўнае адзначэньне гэтага сьвята – прыйсьці ў касьцёл і быць з усімі разам. Вельмі вялікая ўзьнёсласьць душы адчуваецца падчас працэсіі, калі раніцай рана ідзем, калі звоняць званы. І можа хтосьці ня веруючы, ён сьпіць, але няхай яны пачуюць гэтыя званы, няхай прачнуцца, каб яны сапраўды ведалі, што Хрыстос уваскрос!”