Ліквідацыя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў адкладаецца?

Радыё Свабода Вярхоўны Суд адклаў слуханьні пра ліквідацыю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Закрыцьця найстарэйшай творчай арганізацыі патрабуе Міністэрства юстыцыі. Пра перанос судовых слуханьняў хадайнічала кіраўніцтва Саюзу й Менская калегія адвакатаў.
Падставай для пазову Міністэрства юстыцыі стала адсутнасьць арыгіналу статуту, няправільна аформленая пячатка, герб “Пагоня” на шыльдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а таксама правядзеньне ў будынку Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.

Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў перакананыя, што пазоў Мін’юсту выгадны навастворанаму Саюзу пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом.

Падтрымаць кіраўніцтва Саюзу ў суд прыйшлі вядомыя літаратары — Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў, а таксама Ўладзімер Колас і многія іншыя. Пра свае спадзяваньні на судовае рашэньне гаворыць Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Калі ўсё будзе рабіцца ў адпаведнасьці з законам, дык ня толькі спадзяваньні, а бясспрэчная надзея, што ўсё будзе добра. А калі ўсё будзе рабіцца гэтак, як многае ў нас робіцца, то й спадзяваньні нашыя будуць марныя. Ну, пачакаем”.

2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое з 1997 году зьяўляецца ўладальнікам будынку й дамагаецца высяленьня кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара, а таксама патрабуе выплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.

Гл.таксама: • Камэнтар пісьменьнікаў напярэдадні слуханьняў