Э.Зінгерыс: "31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова"

Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія парлямэнтары падтрымліваюць рашэньне Рады Эўразьвязу пашырыць візавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў, далучаных да антыдэмакратычных дзеяньняў. "31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова, але гэта досыць пераканаўча для першага кроку. Гэта першы сур''ёзны сыгнал рэжыму ў Беларусі", – адзначыў літоўскі палітык Эмануэліс Зінгірэс, які сёньня будзе выступаць у Страсбуры па беларускім пытаньні.
Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў сацыял-дэмакрат Юсьцінас Каросас, які належыць да кіруючай бальшыні ў літоўскім Сойме, не аднойчы выказваўся за прагматычнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Разам з тым, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў менавіта ён ініцыяваў найбольш жорсткі тэкст рэзалюцыі адносна парушэньняў дэмакратычных нормаў і палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, якая і была прынятая на пленарным паседжаньні Сойму бальшынёй галасоў.

Адносна рашэньня Рады Эўразьвязу пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, у тым ліку і ў Літву, Ю.Каросас сказаў для нашага радыё:

(Каросас: ) "Мы падтрымаем такое рашэньне Эўразьвязу, але, вядома, асаблівай радасьці мы не адчуваем. Увогуле, найперш, дзеля таго, што ў Беларусі няма дэмакратыі, – і, таксама, справа ў тым, што мы маем шмат гаспадарчых кантактаў зь Беларусьсю, мы ж суседзі. Добра, што ў сьпісе найперш не "гаспадарнікі", а так бы мовіць, палітычныя і ідэалягічныя дзеячы. Усё ж такі, тыя асобы, якія відавочна далучаныя да антыдэмакратычных дзеяньняў у часе прэзыдэнцкіх выбараў, павінны быць адпаведна пакараныя. І гэта цяпер зроблена, я лічу, як раз-ткі ў прыймальнай і цывілізаванай форме".

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Ю.Каросас мяркуе, што візавыя санкцыі Эўразьвязу адносна міністра адукацыі не перашкодзяць адукацыйным і культурным кантактам краінаў-суседзяў. Паміж Літвой і Беларусьсю падпісаныя некалькі пагадненьняў у сфэры культуры і асьветы на ўзроўні міністэрстваў, музэяў, бібліятэкаў аб супрацоўніцтве і ўзаемнай падтрымцы літуаністыкі ў Беларусі і беларусістыкі ў Літве.

(Каросас: ) “Апрача міністраў ёсьць і іншыя супрацоўнікі ў беларускіх міністэрствах інфармацыі і адукацыі, думаю, што нашыя кантакты паміж людзьмі не перарвуцца, і Беларусь сама зацікаўленая ў такіх практычных кантактах зь Літвой.”

Эмануэліс Зінгірэс, кіраўнік парлямэнцкага падкамітэту ў справах палітыкі суседзтва, зь якім нашае радыё зьвязалася сёньня напярэдадні яго выступу па беларускім пытаньні ў Парлямэнцкай Асамблеі ў Радзе Эўропы Страсбуры, сказаў:

(Зінгерыс: ) “Прынятае ўчора рашэньне Рады Эўразьвязу – першы крок, пачатковы сьпіс. 31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова, але гэта досыць пераканаўча для першага кроку. Гэта першы сур''ёзны сыгнал рэжыму ў Беларусі. Мы будзем працаваць далей. Звычайныя беларусы і дэмакраты – заўсёды чаканыя госьці ў Эўразьвязе. Сёньня я зраблю запыт прэзыдэнту Эўракамісіі адносна сродкаў на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.”

Э.Зінгерыс у ліку першых ініцыяваў пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, да якіх мусяць ужывацца больш жорсткія санкцыі Эўразьвязу.

Гл.таксама • Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Зьвязу