Якім будзе новы беларускі ўрад?

Радыё Свабода Пасьля чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў суботу, урад Беларусі склаў свае паўнамоцтвы. На даручэньне кіраўніка краіны стары склад ураду працягвае працаваць да фармаваньня новага ўраду. Якім жа будзе гэты новы ўрад?
Нагадаем, у 2001 годзе прэм’ерам быў прызначаны Генадзь Навіцкі. Гэта было нечаканасьцю для экспэртаў. Спадар Навіцкі пратрымаўся два гады і быў адпраўлены ў адстаўку. Тады ж вымовы атрымалі многія чыноўнікі, у тым ліку старшыня Камітэта дзяржкантролю Анатоль Тозік і старшыня менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў за прыпіскі і затрымкі заробкаў. І ў 2003 годзе прэм’ерам стаў Сяргей Сідорскі.

Паводле кулюарных вэрсіяў, на прэм’ерскі партфэль могуць прэтэндаваць акрамя спадара Сідорскага, таксама Міхаіл Мясьніковіч і Пётар Пракаповіч. Спадар Пракаповіч атрымаў “Героя Беларусі”. Лукашэнка назваў яго ўзорам чыноўніка. На Ўсебеларускім сходзе, ён аднак, адхіліў магчымасьць росту Пятра Пракаповіча.

(Лукашэнка: ) “Паспрабуй сёньня скажы банкірам, што Пракаповіч гэта…Вось кудысьці яго заберам, перасунем…Гэта заўтра ўсе будуць стаяць на плошчы”.

Дэпутат Васіль Хрол ня ўзяўся рабіць канкрэтных прагнозаў:

(Хрол: ) “У нас вельмі спэцыфічны кіраўнік краіны і прадказаць яго ўчынкі, асабліва ў кадравых прызначэньнях вельмі цяжка”.

Паводле спадара Хрола, цяперашні прэм’ер можа застацца, хаця ёсьць віцэ-прэм’еры і губэрнатары, якія дарасьлі да гэтай пасады. Але памяняецца ўрад нязначна.

(Хрол: ) “У нас нармалёвы ўрад і эканамічнае разьвіцьцё Беларусі, рост валавага прадукта паказвае, што ў нас урад добры. Яны не займаюцца палітыканствам, яны займаюцца справай”.

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч адхіляе прагнозы адносна Мясьніковіча і Пракаповіча. (Гайдукевіч: ) “ Я бы ці то пакінуў Сідорскага, бо за пошнія два гады ў яго цудоўныя паказьнікі ў галіне эканомікі. Але ёсьць і другі бок мэдалю. Тое, што трэба рухацца наперад і патрэбны сьвежыя ідэі. Але тут, акрамя вашага цяперашняга суразмоўцы, я прозьвішча ня бачу”.

Прагназуюць: страціць сваю пасаду можа Анатоль Тозік, міністар фінансаў Мiкалай Корбут i мiнiстар ўнутраных спраў Уладзiмер Навумаў. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма. Былы кіраўнік праўнай управы адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі:

(Пласкавіцкі: ) “Якасна склад будзе той самы, што і цяпер. Большасьць захаваецца. Будуць нейкія зьмены – трэба ж нешта зрабіць такое, каб уразіць гледачоў. Стабільнасьць будзе ў Беларусі ў дрэнным сэнсе гэтага слова. Гэта ня мае ніякага значэньня ў дадзеным выпадку: Тозік там будзе ці Паравозік…”

Паводле былога старшыні Савету Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча, хто б ні быў прэм’ерам нічога не памяняецца.

(Вайтовіч: ) “Усё аркэсьлена, зразумела, наша сістэма, як яна працуе, палітыка. Працуе сістэма, а ўжо выканаўцы, якія ў гэту сістэму ўключаны маюць другаснае значэньне. Ды гэта ня важна хто будзе, бо ўсё застанецца па ранейшаму”.