Галадоўка пратэсту з нагоды інаўгурацыі

Радыё Свабода Сёньня а 15-й гадзіне ў Наваполацку распачаў галадоўку пратэсту сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік. Спадар Кулік наўмысна распачаў сваю акцыю ў момант, калі Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца трэцім разам запар заняць прэзыдэнцкі пасад.
Паводле галадоўніка, ён тым самым пратэстуе супраць парушэньня дзейнай канстытуцыі і пайшоў на такі крок, ня маючы іншых сродкаў выказаць сваё абурэньне дзеяньнямі ўладаў. Анатоль Кулік паведаміў сябрам і знаёмцам, што будзе галадаваць два тыдні, пры гэтым першы тыдзень плянуе хадзіць на працу.

Спадар Кулік яшчэ ўвосень 1988 году стаў сябрам Беларускага Народнага фронту, а на дадзены момант ачольвае гарадзкую суполку КХП.