Пашавічы: "Калі тут будзе радыяцыя, сюды ня будуць прыяжджаць турысты"

Ягор Маёрчык, Пашавічы, Браслаўскі раён, Віцебшчына Эфір 6 красавіка. Новая перадача з сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.
У мароз на возерам падымаецца пара. Праз аблокі можна пабачыць вежы Ігналінскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца зь іншага боку Дрысьвятаў. Для супрацоўніка рыбалоўнай арцелі Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" 30-ці гадовага Івана ў гэтай карціне няма нічога дзіўнага — такое ён бачыць ад самага дзяцінства.



З Іванам мы знаходзімся, у літаральным сэнсе, на апошніх мэтрах Беларусі. Мы стаім на беразе, а мяжа з суседняй Літвою праходзіць па вадзе.

(Маёрчык: ) "А што вунь там, над вадой, за пара ідзе?"

(Іван: ) "Гэта ад станцыі. Там вада грэецца й ніколі не замярзае. Ад яе й пара ідзе".

(Маёрчык: ) "Блізкая мяжа й тое, што Літва ўступіла ў Эўразьвяз, паўплывала на вашу працу, на рыбалоўства?"

(Іван: ) "Зрабілі такую мяжу, што большы кавалак адышоў Літве. Паглядзеце, якое ў іх возера й які ў нас маленькі кавалак. Вунь стаяць аранжавыя буі".

(Маёрчык: ) "І вы можаце лавіць толькі ў гэтай частцы?"

(Іван: ) "Так. Бліжэй за 100 мэтраў да буёў падплываць нельга".

(Маёрчык: ) "Як вы ставіцеся да таго, што на станцыі будуць будаваць ядравы могільнік?"

(Іван: ) "Адмоўна. Гэта шкодна для возера, для рыбы, для жывёл. Калі тут будзе радыяцыя, сюды ня будуць прыяжджаць турысты".

(Маёрчык: ) "Літоўскі бок кажа, што могільнік будзе бясьпечны, што гэта ніякім чынам на людзей не паўплывае".

(Іван: ) "Там жа радыяактыўныя адкіды будуць — як жа ён будзе бясьпечны?"

(Маёрчык: ) "Страшна жыць ля станцыі?"

(Іван: ) "Не. Нас у школе вучылі, што трэба рабіць, калі яна выбухне. Трэба хавацца ў склеп, трэба быць ніжэй за ровень зямлі, каб выратавацца ад ударнай хвалі й выпраменьваньня. Трэба захапіць з сабой сухі паёк".

(Маёрчык: ) "А ён у вас гатовы? Пакуль зьбераце, ударная хваля дойдзе сюды".

(Іван: ) "Калі не пасьпею, значыць — ня выратуюся".

Іван разам са сваімі калегам Алегам зьбіраюцца выехаць на рыбалку. На Дрысьвятах лавіць сеткаю можна нават узімку. Атамная станцыя пампуе з возера ваду, каб ахалоджваць рэактар, а пасьля гэты вар зьлівае назад. Ад таго возера не пакрываецца лёдам і ў самыя лютыя маразы.

Рыбалоўства ў памежных водах розьніцца ад звычайнага толькі тым, што кожны крок трэба ўзгадняць з вайскоўцамі. Тэлефанаваньне на пост перад выездам і яшчэ адно непарушнае правіла — да буя нельга падплываць бліжэй за 100 мэтраў. Пакуль Іван складае сеткі, я гутару з Алегам.

(Маёрчык: ) "Рыба, якую вы ловіце ля станцыі, адрозьніваецца ад той, што ў іншых азёрах?"

(Алег: ) "Як пакаштуеце, — адразу адчуеце".

(Маёрчык: ) "Як людзі ставяцца да таго, што на станцыі будзе могільнік?"

(Алег: ) "А каму ахвота ўсялякую лухту мець пад сваім бокам? І гэта ж будзе ня толькі літоўскі — сюды сапруць з усёй Эўропы. Будзе такі могільнік, што ўсё пойдзе ў возера".

(Маёрчык: ) "Гэта неяк паўплывае на турызм?"

(Алег: ) "Натуральна! Вы былі на іншых азёрах? Паглядзеце, колькі там лецішчаў і колькі там улетку людзей адпачывае! А паглядзеце, што тут творыцца. Сюды ніхто ня едзе! Чым далей ад станцыі, тым болей выкупляюць дамоў, а ў нас тут мала хто іх набывае. А калі яшчэ могільнік пабудуюць, — сюды наагул ніхто не паедзе. Каму ахвота ехаць труціцца?"

(Маёрчык: ) "А вам ня страшна жыць ля станцыі?"

(Алег: ) "Прывыклі".

Рыбалоўства — гэта бадай што адзінае, чым можна зарабіць у Пашавічах: тут няма ані калгаснай фэрмы, а ніякага іншага прадпрыемства. Да Ігналінскай АЭС па вадзе 3 кілямэтры, а да Мяжанскага сельсавету, якому падпарадкоўваецца вёска, у 4 разы далей.

Самае блізкае да Пашавіч паселішча — вёска Дрысьвяты. Алене Лабкоўскай пашчасьціла знайсьці працу на фэрме. Калі жанчына ўладкоўвалася, яе не спыніла нават тое, што да працоўнага месца давядзецца зацемна дабірацца некалькі кілямэтраў.



Я сустракаюся са спадарыняй Лабкоўскай, калі яна вяртаецца з фэрмы пасьля ранішняй дойкі.

(Маёрчык: ) "Што ў жыцьці Пашавіч можна зьмяніць да лепшага?"

(Лабкоўская: ) "Няма ніякага транспарту. Каб знайсьці трактар і заараць гарод — гэта вялікая праблема. Трактары ломяцца. Паспрабуй з Красіна альбо Мяжан прыехаць. На гэта патрэбна шмат паліва. Бальшыня мае коней і робіць гэта ўсё на конях".

(Маёрчык: ) "Вы на пэнсіі?"

(Лабкоўская: ) "О-не. Да пэнсіі, як да Масквы ракам, — вельмі далёка. Доўга не працавала. Толькі цяпер вось пайшла, на фэрму ўладкавалася".

(Маёрчык: ) "Таго, што вам плацяць, на жыцьцё хапае?"

(Лабкоўская: ) "Я толькі ўладкавалася, і колькі там будуць плаціць, ня ведаю".

(Маёрчык: ) "А колькі вам абяцалі?"

(Лабкоўская: ) "Ніхто нічога не казаў".

(Маёрчык: ) "Адкуль людзі бяруць інфармацыю?"

(Лабкоўская: ) "Прачытаеш у газэце, альбо паглядзіш, што па тэлевізіі кажуць".

(Маёрчык: ) "А якія вы газэты чытаеце?"

(Лабкоўская: )"Народную газэту". Але болей розныя дэтэктыўныя "Сакрэтныя дасьледаваньні", "Аднак".

Іншая гісторыя беспрацоўя ў грамадзяніна Латвіі, расейца паводле нацыянальнасьці, Івана Рабчэўскага. Разам з жонкай яны перабраліся ў Беларусь. Кабеце падавалася, што на ейнай гістарычнай радзіме будзе лягчэй. У выніку абодва каторы год запар сядзяць бяз працы.



(Рабчэўскі: ) "Цяпер пааб''ядноўвалі па 3 саўгасы ў адзін. Начальства там бярэ сваіх. Астатнім кажа, што ня ведае іх".

(Маёрчык: ) "Ці можна выправіць гэтую праблему? Хто гэта можа зрабіць?"

(Рабчэўскі: ) "Пра гэта мусяць клапаціцца мясцовыя ўлады".

(Маёрчык: ) "Блізкая атамная станцыя неяк уплывае на прыроду?"

(Рабчэўскі: ) "Натуральна, уплывае. Паглядзіш на фотаздымкі старыя: возера было чыстае, а цяпер яно зарастае — вада стала цёплай".

(Маёрчык: ) "А вы адчуваеце, што побач станцыя? Ці мяняецца ў людзей стан здароўя?"

(Рабчэўскі: ) "Штогод прыяжджаюць людзі зь менскай "экалёгіі". Яны бяруць пробы вады й паветра. Кажуць, што асаблівых праблем тут пакуль няма. Нават бывае, што ў Браславе больш адчуваецца. Калі здараюцца нейкія выкіды, — аблокі адносіць ветрам".

(Маёрчык: ) "А вы чулі пра будаўніцтва радыяактыўнага могільніку? Як вы мяркуеце, ці патрэбен ён тут, альбо трэба будаваць у іншым месцы?"

(Рабчэўскі: ) "А навошта ён тут патрэбен? Гэта ж будуць звозіць розны бруд з усёй Эўропы. Навошта нам гэта тут патрэбна?! Хай яны ў сваёй глыбінцы яго будуюць! Што б там ні пісалі й ні гаварылі, — могільнік ёсьць могільнікум: ніякай гарантыі бясьпекі няма".

З наступным пытаньнем я зьвяртаюся да Вольгі — іванавай жонкі. Увесь час, пакуль мы гутарылі з гаспадаром, яна абскубвала пеўніка. Меншую частку птушкі потым абсмажаць, а большая пойдзе на суп, якім дарослыя й 2 дзяцей будуць харчавацца некалькі дзён. Сям''я Рабчэўскіх жыве з уласнай гаспадаркі.

(Маёрчык: ) "А не ўзьнікала жаданьня перабрацца бліжэй да цэнтру?"

(Рабчэўская: ) "Праўду кажучы, я нікуды не хачу. Я прызвычаілася ўжо: родная хата, родныя мясьціны. Адно што дзеля дзяцей — дзеці растуць. А так цяжка, што слоў няма".



(Маёрчык: ) "Ці ня страшна жыць ля станцыі?"

(Рабчэўская: ) "Ведаеце, мы нават не баімся. Нават ня ведаю, чаму так".

(Маёрчык: ) "Чулі, што могільнік будуецца?"

(Рабчэўская: ) "Так. Ня вельмі хочацца, каб ён тут быў. Але хто калі тут цікавіўся, што думаюць людзі. Мы — маленькія людзі, і за нас усё вырашаюць".

(Маёрчык: ) "Ідуць прэзыдэнцкія выбары. За каго будуць галасаваць людзі?"

(Рабчэўская: ) "Хутчэй за ўсё, за Лукашэнку. Старым ён пэнсіямі моцна дапамагае. А маладзейшыя пра яго ня вельмі адгукаюцца".

(Маёрчык: ) "А вы ведаеце пра якіх іншых кандыдатаў?"

(Рабчэўская: ) "Не-а, ня ведаю".

(Маёрчык: ) "Што ў жыцьці Пашавіч варта зьмяніць?"

(Рабчэўская: ) "Трэба, каб людзі дамы набывалі, каб знайшліся фундатары, каб нешта збудавалі. Магчыма, людзі ня хочуць брацца, бо побач станцыя. Тыя ж дамы... Стаяць — і нікому яны не патрэбны".



Я вяртаюся да галоўнай мэты сваёй вандроўкі ў Браслаўскі раён Віцебшчыны — дасьледую, як тутэйшае насельніцтва ставіцца да верагоднага будаўніцтва могільніку.

Ігналінская АЭС павінна зачыніцца да 2012 году. У 2008-м ля станцыі на плошчы 5 гектараў хочуць стварыць сховішча для радыяактыўных адкідаў — агульнага аб''ёму 100 кубічных мэтраў. Кантэйнэры з атрутнымі рэчывамі плянуюць захоўваць цягам наступных 300 гадоў.

Супраць будаўніцтва аб''екту на Дрысьвятах выступаюць Беларусь і Латвія. Генэральны дырэктар Нацыянальнага парку Браслаўскія азёры Іван Красьненка перакананы, што будаўніцтва загубіць унікальную прыроду парку й адштурхне турыстаў.

Літоўскі бок запэўнівае, што праект сховішча адпавядае ўсясьветным стандартам бясьпекі й адкіды ня трапяць у навакольную прыроду.

Пэнсіянэр Часлаў Любінскі ведае пра атамныя рэактары й радыяцыю болей, чым хто іншы ў Пашавічах. 20 год таму дзед Чэсь зьліквідоўваў наступствы выбуху ў Чарнобылі. Сёньня стары ахвотна дзеліцца рэцэптам, як заставацца спакойным пры небясьпечным суседзтве. “Галоўнае — кажа — меней глядзець у бок станцыі”.



(Любінскі: ) "Мы знаходзімся пад парасонам. Уявім, што там адбудуцца нейкія выкіды — яны выпадуць недзе ля Опсы. А тут будзе чыстая зона".

(Маёрчык: ) "А як людзі ставяцца да таго, што побач будзе могільнік?"

(Любінскі: ) "Ды тут ужо ніхто нічога не цяміць. Дый у каго тут пыталіся?"

(Маёрчык: ) "Пасьля таго, як стала вядома пра будаўніцтва могільніку, людзі не хацелі адсюль зьехаць?"

(Любінскі: ) "Наадварот: тут хочуць набываць дамы на лецішчы. Але ўсё ўпіраецца ў тое, што тут памежная паласа. Я іду па грыбы й бяру з сабой пашпарт: барані Бог, нарвесься па памежнікаў — ніколі не апраўдаесься".

(Маёрчык: ) "Неяк можна зьмяніць гэтую сытуацыю? Хто яе можа зьмяніць?"

(Любінскі: ) "Гэта залежыць ад мясцовых уладаў".

(Маёрчык: ) "Вы чулі, што ў Беларусі будуць выбары прэзыдэнта?"

(Любінскі: ) "Ведаю, чуў пра гэта".

(Маёрчык: ) "За каго людзі ў Пашавічах будуць галасаваць?"

(Любінскі: ) "За бацьку. Ён вядзе нармальную палітыку".

(Маёрчык: ) "Але ёсьць і іншыя кандыдаты. Людзі пра іх ведаюць? Ці толькі пра яго?"

(Любінскі: ) "Усе ведаюць пра іх".

(Маёрчык: ) "І як да іх ставяцца?"

(Любінскі: ) "Усе толькі адмоўна. У нас пэнсія ў час!"

(Маёрчык: ) "Але ніхто вашай пэнсіі не забірае..."

(Любінскі: ) "А хто нам яе павялічыць?"

Пашавічы — вёска старавераў. Нешматлікія насельнікі пераконваюць, што па-беларуску тут ніхто ніколі не размаўляў, а ўсё болей на трасянцы, запраўленай састарэлымі граматычнымі формамі. Праўда, і ад укладу жыцьця старавераў засталося няшмат: у царкву яны ходзяць зрэдчас, паляць і ужываюць алькаголь. А шырокую бараду носіць адзін толькі Цярэнці Шаршнёў.



80-ці гадовы стары жыве на самым беразе возера. Трымае курэй, карову й козаў. Менавіта з козамі зьвязаны самыя вялікія клопаты дзеда Цярэнція. Насупраць ягонай хаты ёсьць маленькая выспа. Яна беларуская, але вада за ёй ужо літоўская. Улетку па водмелі Цярэнці пераганяе туды пасьвіцца козаў. Праблемы ў тым, што жывёлы, выходзячы на супрацьлеглы бераг напіцца вады, парушаюць дзяржаўную мяжу.

Я гасьцюю ў дзеда Цярэнція. Сваё жытло ён дзеліць з птушкамі. Сенцы перайначаны пад сапраўды куратнік: з жэрдачкамі, рассыпаным па земляной падлозе збожжы й смуродам у паветры. “Апартамэнты” гаспадара знаходзяцца ў наступным пакоі.

(Шаршнёў: ) "Азёры тут няправільна выкарыстоўваюць. Раней рыба была, а цяпер яе мала стала".

(Маёрчык: ) "А цяпер рыбу ловіце?"

(Шаршнёў: ) "Не. Новы інспэктар на шмат штрафуе. А з вудамі мне няма калі сядзець, і вось ужо гадоў 10 бяз рыбы".

(Маёрчык: ) "Што побач знаходзіцца атамная станцыя, нейкім чынам уплывае на жыцьцё людзей?"

(Шаршнёў: ) "Калі ўлетку сьпякотна становіцца, вада зелянее. Некалі была самая празрыстая вада, а цяпер так травою зарасло, што човен не праедзе. Некалі лінёў у нас мала было, а цяпер яны вялікія завяліся. У мяне яшчэ стрэльба ёсьць. Хачу хадзіць на бакланаў, што рыбу зьнішчаюць, альбо на ракаў атрымаць дазвол: у нас тут ад цёплай вады ракаў шмат разьвялося. Ёсьць яшчэ сазаны. Яны болей на літоўскім баку жывуць, але я, стары рыбак, іх і там дабуду!"

(Маёрчык: ) "А вы чулі, што там будуць будаваць ядравы могільнік?"

(Шаршнёў: ) "Вось пра гэта я ня ведаю. Увесь час пакуль была агульная краіна, шукалі месца, дзе хаваць адыходы. Паводле іхных разьлікаў, дзесьці тут павінна была быць падземная пячора. Яны тут сьвідравіны па 12 мэтраў бурылі, выбухоўку закладалі — каб выбух паказаў, дзе яна ёсьць. Нічога не знайшлі. Мабыць, ад таго й вырашылі там адыходы захоўваць".

Старажылы цьвердзяць, што суседзтва з Ігналінскай атамнай электрастанцыяй паўплывала на прыроду на возеры Дрысьвяты і ў навакольлі вёскі Пашавічы. Была верагоднасьць, што пасьля закрыцьця станцыі прырода адродзіцца. Але тутэйшыя асьцерагаюцца, што адна небясьпека зьменіцца на іншую.