Віцебская моладзь таксама ладзіць флэш-мобы

Радыё Свабода Агляд незалежных СМІ за 7 красавіка
Віцебская моладзь следам за жыхарамі сталіцы правяла шэраг палітычных флэш-мобаў, апавядае сёньняшні “Витебский курьер”. Напрыклад, 3 красавіка маладыя людзі езьдзілі на лыжах па асфальце, трымаючы партрэты чалавека з вусамі, і запытваліся ў мінакоў, ці ня бачылі яны “нашага галоўнага спартоўцу”, бо ўдзельнікі флэш-мобу лыжню згубілі.

Артыкул “Кругі на вадзе” з разьдзелу крымінальнай хронікі падае жахлівую гісторыю васямнаццацігадовай жыхаркі адной зь вёсак Віцебшчыны Вольгі Міхно, якая патапіла ў рацэ сваю гадавалую дачку. Сярод іншых адметных публікацыяў ў сьвежым “Витебском курьере” – нарыс “Пра што думаецца ў чаканьні трамваю”.

Галоўны матэрыял сьвежага нумару “Региональной газеты” – публікацыя “Зьдзек з братняй магілы”. З братняй воінаў Другой усясьветнай вайны, што ў сквэры ля тэатру лялек у Маладэчне, скралі шэсьць плітаў з прозьвішчамі пахаваных жаўнераў. Апавядае галоўны рэдактар газэты Аляксандар Манцэвіч.

(Манцэвіч: ) “Нейкія высновы, кажуць міліцыянты, рана рабіць. Дакладную дату, калі пліты зьнялі з магілы, вызначыць складана, таму сьведкі здарэньня пакуль ня знойдзеныя. Сёньня вядзецца сьледзтва й распрацоўваюцца вэрсіі. Аляксандар Рамановіч, начальнік адзелу культуру Маладэчанскага райвыканкаму, назваў гэты факт вандалізмам”.

Апрача таго “Региональная газета” апавядае пра мужчыну, які забіў 8-гадовую дзяўчынку з Ашмянскага раёну – суд вырак яго на пажыцьцёвае зьняволеньне. А яшчэ ў газэце можна знайсьці артыкул пра вёску Шнуры пад Маладэчнам, якая ў выніку паводкі апынулася адрэзанай ад сьвету – матэрыял называецца “Шнуры сталі востравам”.

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць” працягвае сацыць за судовым працэсам па справе Саюзу беларускіх пісьменікаў. Карэспандэнтка газэты Анастасія Зелянкова пагутарыла са старшынём Саюзу Алесем Пашкевічам. Зь ягоных словаў, на адваката нехта моцна націснуў: абаронца раптоўна папросту зьнік з усімі дакумэнтамі па іхнай справе.

Чаму праваліўся трылер “Асноўны інстынкт-2” з Шэрон Стоўн у галоўнай ролі? Адказ на гэтае пытаньне таксама можна знайсьці на сайце інтэрнэт-газэты “Салідарнасць”. Вядомы беларускі кінакрытык Максім Жбанкоў увогуле цьвердзіць, што за прагляд гэтага фільма трэба даваць малако “за шкоднасьць”.