“Газпром” настойвае на падвышэньні цэны на газ для Беларусі ўтрая

Радыё Свабода “Газпром” мае намер прадаваць газ Беларусь паводле агульнапрынятай формулы цаны, якая залежыць перш за ўсё ад каньюнктуры рынку і ад цэнаў на кошык нафтапрадуктаў” – пра гэта заявіў сёньня ў інтэрвію Агенцтву газавай інфармацыі намесьнік кіраўніка “Газпрому” Аляксандар Разанаў.
Спадар Разанаў падкрэсьліў, што пры гэтым цана газу падвысіцца як мінімум у тры разы. “А можа і вышэй – дадаў прадстаўнік “Газпрому”, – бо цэны на эўрапейскім рынку цэны працягваюць расьці”.

Разанаў нагадаў, што “Газпром” ажыцьцяўляе пераход на рынкавыя прынцыпы супрацоўніцтва з усімі бяз выключэньня краінамі цягам некалькіх апошніх гадоў.

Паводле яго, у 2005 годзе Беларусь прыняла шэраг рашэньняў, спрыяльных для “Газпрому”: былі аформленыя правы ўласнасьці расейскага канцэрну на беларускі ўчастак газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”, перададзеная ў доўгатэрміновую арэнду зямля пад газаправодам. Таму паводле Разанава, Беларусь атрымала найбольш камфортныя ўмовы пераходнага пэрыяду – пераход на эўрапейскія цэны для Беларусі адбудзецца ў 2007 годзе.