Гомель: аштрафаваны актывіст каманды Мілінкевіча

Радыё Свабода Сёньня у судах Гомеля разглядалі справы Ўладзімера Шуміліна й Леаніда Пліскі — актывістаў выбарчай каманды Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Шумілін аштрафаваны на дзьве базавыя велічыні; справу спадара Пліскі вярнулі для ўдакладненьняў.
Уладзімер Шумілін і Леанід Пліска абвінавачаны з адной і той жа нагоды — за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча. Пратаколы на абодвух былі складзены яшчэ ў лютым. Намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб''яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора, які прысутнічаў на судзе, гаворыць пра намер абскардзіць судовае рашэньне:

(Кацора:) "Судзьдзя вырашыў, што ў газэце "Народная воля", якую распаўсюджваў спадар Шумілін і ў якой была надрукавана праграма Мілінкевіча, павінны былі друкавацца й афіцыйныя матэрыялы іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. А раз іх няма — значыць, ёсьць парушэньне закону. І за гэта Шуміліну далі дзьве базавыя адзінкі. Менавіта так і запісана ў пастанове. І справа тут не ў грашах, а ў сэнсавым напаўненьні. Вельмі ж сьмешным выглядае такое рашэньне. І таму хочам пабачыць, як адрэагуюць на гэта больш высокія судовыя інстанцыі".

Пратакол затрыманьня Леаніда Пліскі, на думку судзьдзі, складзены недакладна й аформлены з памылкамі. Таму гэтую справу вярнулі на дапрацоўку ў адміністрацыю Новабеліцкага раёну Гомеля. Уладзімер Кацура прагназуе, што гэтым усё, найхутчэй, і абмяжуецца:

(Кацора:) "Я думаю, што справа там і заглохне. Практыка такая: калі справа вяртаецца на дапрацоўку, яна там і застаецца".