Эўразьвяз прыме санкцыі супраць А.Лукашэнкі і яшчэ 30 чыноўнікаў<b/>

Радыё Свабода Агенцтва Reuters са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў паведамляе, што Эўразьвяз падрыхтаваў рашэньне аб забароне на ўезд у краіны Зьвязу Аляксандру Лукашэнку і яшчэ 30 беларускім чыноўнікам. Сярод іх – міністры, дэпутаты парлямэнту, чальцы прэзыдэнцкай адміністрацыі і сябры выбарчых камісіяў.
Прычына санкцыяў – прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія Эўразьвяз расцаніў , як неадпаведныя дэмакратычным стандартам. У 2004 годзе Эўразьвяз ужо ўвёў візавыя санкцыі супраць 4-х беларускіх асобаў, падазраваных у датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў.

Афіцыйна рашэньне аб візавых санкцыях будзе ўхваленае на чарговай нарадзе міністраў замежных справаў Эўразьвязу, якая адбудзецца 10 красавіка ў Люксэмбургу. Дыпляматычныя крыніцы агенцтва Reuters паведамілі, што на гэтай нарадзе ня будзе разглядацца прапанова аб замарожваньні асабістых рахункаў беларускіх чыноўнікаў, але суразмоўцы агенцтва ня выключылі, што гэтыя меры могуць быць прынятыя ў будучыні.

Разам з тым была адхіленая прапанова запрасіць на міністэрскую нараду ў Люксэмбургу Аляксандра Мілінкевіча. Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы паведамляе, што магчыма, беларускі палітык можа быць запрошаны пазьней.