Чаму афіцыйныя ўлады не камэнтуюць заяваў "Газпрому"?

Радыё Свабода, Менск Афіцыйныя беларускія ўлады пакуль не камэнтуюць заяў кіраўніцтва расейскага “Газпрому” наконт таго, што з наступнага году кошты на прыродны газ для Беларусі будуць даведзены да эўрапейскага ўзроўню. Між тым, старшыня праўленьня “Газпрому” Аляксей Мілер сёньня ў Санкт-Пецярбургу зноў заявіў пра намер падвысіць кошты на газ для беларускіх спажыўцоў.
Як заявіў сёньня кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер, для ўсіх былых савецкіх рэспублік кошты на расейскі газ будуць выведзены на ўзровень эўрапейскіх, і Беларусь — не вынятак. Ён таксама паведаміў, што перамовы зь беларускім бокам наконт продажу пакету акцый “Белтрансгазу” не прыпынены.

Раней кіраўнік “Газпрому” заяўляў, што кошты на газ будуць залежаць ад парамэтраў дамовы па “Белтрансгазе”. Перамовы наконт продажу Расеі пакету акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства вядуцца ўжо амаль чатыры гады. Аднак канкрэтных вынікаў яны не прынесьлі: бакі ня здолелі дамовіцца наконт кошту акцый.

Беларускае Міністэрства энэргетыкі пакуль не агучвала сваёй пазыцыі наконт заяваў кіраўніцтва “Газпрому”. Не камэнтуюць іх і ў “Белтрансгазе”: на прадпрыемстве паведамілі, што генэральны дырэктар Дзьмітры Казакоў сёньня знаходзіцца ў камандзіроўцы й камэнтар зможа даць не раней за панядзелак.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што рэзкага падвышэньня коштаў на газ для Беларусі ўсё ж ня будзе. На ейную думку, паміж бакамі ідзе традыцыйны гандаль.

(Абрамава: ) “Газпром” — гэта магутная, уплывовая кампанія, якая фармуе рашэньне. Але гэта кампанія, якая ня можа ня ўлічваць, сярод іншага, і аргумэнтаў, што падае дзяржаўнае кіраўніцтва, зыходзячы з комплексных нацыянальных дзяржаўных інтарэсаў Расеі. А ў Беларусі яны ёсьць, яны прадстаўлены”.

На думку спадарыні Абрамавай, вельмі верагодна, што кошты падвысяцца прыкладна на 20 адсоткаў — такое ж падвышэньне “Газпром” плянуе й для спажыўцоў у Расеі. Беларускай эканоміцы гэта стане дадатковым цяжарам. Аднак — цьвердзіць дэпутатка — падаражаньне прыроднага газу змусіць беларускае кіраўніцтва “болей круціцца” і ўводзіць энэргазьберагальныя тэхналёгіі.