Што вядома пра галадоўку палітвязьняў жодзінскай турмы?

Радыё Свабода Адміністрацыя жодзінскай турмы трымае ў сакрэце зьвесткі пра галадоўку тутэйшых палітвязьняў. Гэта выклікае занепакоенасьць іхных сваякоў і паплечнікаў.
Жыхарка Смалявіч Ала Гарэлік сёньня наведала жодзінскую турму, дзе адбывае 10-суткавы арышт ейны муж Сяргей, які браў удзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Некалькі дзён таму супрацоўнік турэмнай адміністрацыі ў размове зь ёй пацьвердзіў, што Сяргей Гарэлік адмаўляецца ад ежы, хаця са здароўем у яго ўсё, быццам, нармальна. Сёньня спадарыня Гарэлік спрабавала яшчэ раз атрымаць зьвесткі пра галадоўку мужа, аднак адказ жодзінскіх міліцыянтаў яе не задаволіў:

(Гарэлік: ) “У акенцы, дзе перадаюць перадачы, мне сказалі даволі цынічна, што ўсё выдатна. Нагадала: ён галадуе. А мне ў адказ: “Ну, і што? Ён стаў ваду піць”. Я спытала, ці зрабілі прамыўку страўніка. А мне адказалі так, што я не зразумела: ці то ён адмовіўся, ці нешта іншае… То бок, ня сталі аспрэчваць, што ён галадуе”.

Як цьвердзіць спадарыня Гарэлік, зь неафіцыйных крыніц ёй вядома, што, апроч мужа, галадоўку пратэсту ад першага дня знаходжаньня ў жодзінскай турме распачынала каля двух дзясяткаў зьняволеных апазыцыянэраў. Між тым, жодзінская міліцыя спасылаецца на недасьведчанасьць, калі гаворка тычыцца галадоўкі тутэйшых палітвязьняў:

(Міліцыянт: ) “Я ня ведаю. Мне не дакладалі, што хтосьці галадуе”.

З жодзінскай турмы сёньня ўначы выйшлі на волю палітвязьні, якія адбывалі тут 7-дзённы арышт. У іх ліку, — 22-гадовы мянчук Сяргей Вараб’ёў. Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, у іхнай камэры палітвязьні не галадавалі. Аднак, ён чуў, што такая акцыя тут мела месца:

(Вараб’ёў: ) “Так, я чуў такое. Калі я быў на судзе, то там быў у адной жанчыны адвакат, і калі гэты адвакат зайшла ў залю, да яе зьвярнуліся хлопцы з просьбай неяк перадаць такую інфармацыю. Яна сказала: “Напішыце свае прозьвішчы на паперцы”. “Але — кажа, — гэтая інфармацыя ня будзе мець ніякай сілы, таму што трэба афіцыйныя заявы”.

Паводле ж Сяргея Вараб’ёва, напісаць заяву, каб афіцыйна лічыцца галадоўнікам, у жодзінскай турме не было ніякай магчымасьці:

(Вараб’ёў: ) “Там такая сытуацыя была ў Жодзіне, дзе мы сядзелі, што нам не давалі ні ручак, ні алоўкаў, ні паперак ніякіх — першыя 3-4 дні абсалютна. Не было ніякіх кніжак. Ніякай сувязі. Таму ніякай заявы хлопцы не маглі напісаць папросту фізычна”.