Прадпрымальнікі прапанавалі дапамогу палітвязьням

Радыё Свабода Удзельнікам акцыі на Кастрычніцкай плошчы, якія сёньня ўначы выйшлі з турмаў у ліку іншых дапамагалі і прадпрымальнікі. Напрыклад, яны прадставілі свае машыны, каб разьвезьці па дамах тых, каго выпусьцілі з-за кратаў сярод ночы.
Ініцыятыва дапамогі ад прадпрымальнікаў паступіла напярэдадні ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Вось што паведаміў пра гэта актывіст АГП Аляксандар Зялко.

(Зялко: ) “Я зьмясьціў тэлефон на сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і на мой тэлефон было шмат званкоў ад тых, хто хоча дапамагчы. Прадпрымальнікі тэлефануюць і пытаюцца: “Чым вам дапамагчы?” Патрэбна транспартаваць, таму што 3 гадзіны – грамадзкі транспарт у гэты час ня ходзіць. Мы палічылі, што там будзе 2 мікрааўтобусы і для падстрахоўкі – каля 5-8 машын. І прадпрымальнікі прапанавалі сваю дапамогу”.

Паводле спадара Зялко, нягледзячы на рызыку для бізнэсу, усё больш прадпрымальнікаў, найперш дробных, гатовыя падставіць плячо дапамогі для тых, хто дбае пра перамены. Андрэй Шэўчык – адзін з такіх камэрсантаў. Год таму, у сакавіку 2005-га, ён браў актыўны ўдзел у агульнанацыянальным страйку бізнэсоўцаў. Як паведаміў спадар Шэўчык, многія з удзельнікаў той акцыі пратэсту сёлета ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкай кампаніі, агітавалі за апазыцыйных кандыдатаў, знаходзіліся сярод удзельнікаў палітычных акцыяў пратэсту. Калі ж адбыліся арышты, бізнэсоўцы наладзілі дастаўку ў турмы сокаў для зьняволеных. А паколькі цяпер, як зазначыў Андрэй Шэўчык, ёсьць патрэба ў транспартных паслугах, то яны і тут не стаяць у баку.

(Шэўчык: ) “Мы, прадпрымальнікі, зьбіраем транспарт, і транспарт паедзе сустракаць палітзьняволеных дзяўчат з абласнога УУС”.

Бізнэсовец зь Менску Аляксандар Макаеў узяў на сябе абавязацельства асабіста развозіць па дамах былых палітзьняволеных. Рэч у тым, што некалькі дзён таму ён сам выйшаў з турмы на Акрэсьціна, дзе адбываў 15-сутачны арышт за удзел у выбарчай кампаніі былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Паводле спадара Макаева, у турме ён блізка пазнаёміўся зь лідэрам Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам, адным з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандрам Дабравольскім, іншымі палітычнымі актывістамі. Гэтыя знаёмствы, як зазначыў прадпрымальнік, умацавалі яго намер працягваць актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць.

(Макаеў: ) “Шмат выдатных людзей. Умацавалася наша салідарнасьць. Прадпрымальнікі былі на плошчы. Хтосьці ежу падносіў, хтосьці аказваў іншую дапамогу”.