Людзі прынесьлі да польскай амбасады кветкі з джынсавымі стужкамі

Радыё Свабода, Менск А 4-й гадзіне да польскай амбасады прыйшлі некалькі дзесяткаў навучэнцаў Палітэхнічнага каледжу. Яны сказалі, што прыйшлі сюды пасьля заняткаў. Тут побач зь імі – куратары, а таксама выкладчыкі. Якраз у гэты час каля польскай амбасады сабраліся таксама ўдзельнікі іншай акцыі – мастакі, пісьменьнікі, сябры незарэгістраваных моладзевых рухаў "Малады Фронт і "Зубр". Яны прынесьлі сюды дзесяткі кветак і пакінулі іх тут на знак салідарнасьці з польскім народам. На кветках прымацаваныя джынсавыя стужкі.
(Карэспандэнтка: ) "Тут знаходзіцца Ігар Сурмачэўскі – ён прыйшоў сюды разам з жонкай, прынёс шмат кветак".

(Сурмачэўскі: ) "Мяне прывяло сюды маё сэрца, бо я хачу, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне, а не ў турме, і мяне абражаюць тыя заклікі, якія тут крычаць гэтыя маладыя хлопцы. Я зьдзіўляюся, што іх наогул сюды прывяло".

(Карэспандэнтка: ) "Падыходзяць таксама і студэнты зь Інстытуту замежных моваў, а таксама з Палітэхнічнай акадэміі. Яны кажуць, што калі даведаліся, што быў зьбіты былы амбасадар Польшчы Марыюш Машкевіч, і нават трапіў пасьля таго, як атрымаў 15 сутак арышту, у шпіталь, яны прыйшлі папрасіць прабачэньня перад польскім народам.

Неўзабаве прыехалі дзьве машыны са спэцназам міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі сядзяць у машыне, назіраюць за тым, што адбываецца. З адной машыны здымаюць, але не пікет БРСМ, а людзей, якія прыходзяць да плоту польскай амбасады.

Пікет пад дзяржаўнымі сьцягамі налічвае недзе каля 25-ці чалавек, але людзей, якія прыходзяць да амбасады, у некалькі разоў болей".