Берасьце: выйшаў на волю кіраўнік абласнога штабу Мілінкевіча

Радыё Свабода, Берасьце Кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу Мілінкевіча й старшыня абласной арганізацыі БНФ Юрась Губарэвіч агулам правёў у ізалятары 12 сутак.
Спадара Губарэвіча ды іншага сябра выбарчай кампаніі Яўгена Пракурата затрымалі ў Берасьці ў суботу 18 сакавіка, а суд над імі, паводле абвінавачаньня за дробнае хуліганства й непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыянтаў, адбыўся ўжо пасьля выбараў. Юрася Губарэвіча й Яўгена Пракурата пакаралі на 5 сутак арышту.

Але пасьля заканчэньня гэтага тэрміну актывісты берасьцейскага штабу Мілінкевіча на волю ня выйшлі: іх затрымалі зноў — нібыта, за хуліганства, і асудзілі яшчэ на 7 сутак арышту.

Пасьля сёньняшняга выхаду на волю спадароў Губарэвіча й Пракурата ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Берасьці застаюцца кіраўнік абласной арганізацыі АГП Сьцяпан Навасельчан і актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Іван Стасюк. Кіраўнік гарадзкога штабу Мілінкевіча Зьміцер Шыманскі, якога таксама зьбіраліся паўторна судзіць паводле абвінавачаньня за хуліганства, цяпер знаходзіцца ў шпіталі.