Злучаныя Штаты асудзілі гвалтоўны разгон дэманстрацыі 25 сакавіка ў Менску

Радыё Свабода Адміністрацыя Джорджа Буша асудзіла ўжываньне беларускімі ўладамі сілы супраць дэманстрантаў 25 сакавіка ў Менску.
“Мы выказваем нашу глыбокую занепакоенасьць у дачыненьні да асобаў, якія былі параненыя і затрыманыя”, гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу ўвечары ў Вашынгтоне заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Шона Макормака.

“Мы заклікаем беларускія ўлады ўстрымацца ад далейшага ўжываньня сілы супраць тых, што ажыцьцяўляе свае законнае права на правядзеньне сходаў і свабоду выказваньняў”, гаворыцца ў заяве.

Дзярждэпартамэнт ЗША заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых за выказваньне сваіх палітычных поглядаў.