Апытаньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі

Радыё Свабода, Менск Зь якімі пачуцьцямі выйшлі сёньня людзі на сьвяткаваньне Дня Волі? Як яны ставяцца да апошніх падзеяў на Кастрычніцкай плошчы? Апытаньне Свабоды.
(Спадарыня: ) “Не магу сядзець дома. Надакучылі гэтая хлусьня й гэты абмежаваны, злосны чалавек”.

(Спадарыня: ) “Мы — ня быдла. Мы людзі”.

(Юнак: ) “Па ўсіх тэлеканалах мы ня бачым таго, што насамрэч. І людзі хочуць тут казаць, што яны думаюць”.

(Спадарыня: ) “Ніяк немагчыма прайсьці. Усё перакрыта, і адсякаюць народ. АМОН бярэ й адсякае кучкамі. Вось, бачыце, што яны робяць?! Ужо гоняць”.

(Спадар: ) “ Ужо адсякаюць, гоняць”.

(Спадарыня: ) “Няма сіл ўжо трываць гэта. Хочацца людзьмі звацца”.

(Карэспандэнт: ) "Як вы ставіцеся да падзеяў на Кастрычнцікай плошчы? Вы падтрымлівалі тых дэманстрантаў?"

(Спадарыня: ) “Гэтыя маладыя людзі — героі, і мы павінны імі ганарыцца”.

(Спадарыня: ) “Гэта дзеці, якія ўвойдуць у гісторыю Беларусі. Гэта нашы дзеці, якія зрабілі прарыў”.

(Спадарыня: ) “Падтрымлівала, кожны дзень хадзіла, ежу насіла й цёплую вопратку. Але я зьдзіўлена, чаму беларус супраць беларуса ідзе, спэцназ супраць людзей простых”.

(Спадар: ) “Улада ўжыла сілу там, дзе яе непатрэбна было ўжываць. Гэта татон-махуты, у горшай іх праяве, і татон-махуцкая ўлада, у горшай яе праяве. У савецкія часы татон-махутамі абзывалі рэжымы ў Лацінскай Амэрыцы. Цяпер гэты лацінаамэрыканскі рэжым кіруе на нашай тэрыторыі. Гэта вельмі прыкра”.

(Спадарыня: ) “Улады баяцца. Значыць, яны ведаюць, чаго баяцца”.

(Спадарыня: ) “За праўду, за свабоду, за справядлівасьць. Хочам убраць дыктатарства. Надакучыла нам ужо! Людзі паўсталі супраць яго. Няхай бы сышоў першым прэзыдэнтам. Яго народ ня хоча”.

(Спадарыня: ) “Надакучыла хлусьня: мярзотная, нахабная, бессаромная хлусьня. Дасталі!”

(Спадар: ) “Ціск на нас, на свабоду, дыктатура. Таму мы тут і знаходзімся разам з унукам”.

(Спадар: ) “Калі вы Радыё Свабода, то перадайце, каб не пускаць за мяжу ні судзьдзяў, ні шараговага міліцыянта — усе карныя органы. Прыкрыць ім… Каты, карацелі”.

(Маладзён: ) “Я зьбянтэжаны тым, што адбываецца ў гэтай краіне. Няма сілы больш трываць”.

(Спадар: ) “Гвалт нам не патрэбен”.