Амбасадары краін Эўразьвязу “настойліва просяць” вызваліць палітвязьняў

Уладзімер Глод, Менск Сёньня напрыканцы дня кіраўнікі дыпляматычных місій краін Эўразьвязу, акрэдытаваных у Менску, сустрэліся з кіраўніком галоўнай управы Эўропы МЗС Беларусі Валерам Рамашкам.
Кароткае інтэрвію на прыступках зьнешнепалітычнага ведамства, адразу пасьля заканчэньня сустрэчы, якая доўжылася каля 45 хвілін, нашаму Радыё дала амбасадар Латвіі ў Беларусі Майра Мора. Менавіта амбасада Латвіі рэпрэзэнтуе ў Беларусі інтарэсы Эўразьвязу, бо Аўстрыя, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, ня мае ў Беларусі дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Спадарыня Мора гаворыць, што амбасадары дзейнічалі з даручэньня Эўразьвязу:

(Мора: ) "Мы выказалі ўстаноўкі Эўразьвязу, сутнасьць якіх заключаецца ў пераканаўчай просьбе вызваліць усіх арыштаваных і затрыманых, а таксама болей нікога не арыштоўваць. Мы таксама прасілі дазволу зьезьдзіць у ізалятар, дзе трымаюць людзей. Каб праверыць, ці сапраўды для некаторых арыштаваных не прымаюць харчовых перадач. І адну, і другую нашу просьбу адхілілі".

Амбасадар Латвіі нагадала, што сёньня кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Эўразьвязу ў жорсткай форме крытыкавалі масавыя парушэньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Яны таксама выказаліся за пашырэньне санкцый адносна афіцыйнага Менску й адначасова паабяцалі й надалей падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазыцыю.

Я пацікавіўся ў спадарыні Майры Моры як у дыплямата, якая непасрэдна працуе ў Беларусі, у якой канкрэтна форме Эўразьвяз можа выканаць свае сёньняшнія папярэджаньні. Спадарыня Мора лічыць, што будуць "новыя візавыя забароны й падобныя да гэтага захады адносна розных прадстаўнікоў афіцыйных уладаў Беларусі". Што тычыцца дапамогі дэмакратычнай апазыцыі, дык пашырэньне яе абавязкова плянуецца. "Але гэта будзе зроблена выключна у прававой форме", — падкрэсьліла кіраўніца дыпляматычнай місіі Латвіі ў Беларусі.

Сёньня ж амбасады Літвы, Польшчы і Ўкраіны накіравалі ноты ў МЗС Беларусі. У гэтых дакумэнтах яны просяць пацьвердзіць праўдзівасьць інфармацыі пра затрымку грамадзянаў сваіх краін на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Інфармацыя пра затрыманьне грамадзянаў пералічаных краін прагучала ў ранішнім выпуску навінаў Беларускага тэлебачаньня.

Амбасада Літвы ўжо атрымала адказ (пакуль па тэлефоне), што літоўскіх грамадзян сярод затрыманых няма.