Сёньня судзяць затрыманых на Кастрычніцкай плошчы

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Партызанскім судзе Менску праходзяць працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі намётавага лягеру. Супраць моладзі сьведчаць амапаўцы, якія затрымлівалі пратэстоўцаў.
Адразу 16 адміністрацыйных справаў на ўдзельнікаў намётавага лягеру пачалі разглядаць ў Партызанскім судзе Менску. Справы разглядаюць судзьдзі Аўдзейчык, Барысёнак, Трубнікаў, Пыкіна і Лебедзь. Калідор суду запоўнены амапаўцамі ў чорных камбінэзонах — менавіта яны ноччу зьнішчылі лягер прыхільнікаў пераменаў на Кастрычніцкай плошчы. Затрыманых заводзяць па адным у кабінэты судзьдзяў, дзе і адбываюцца слуханьні. Калі прыцягнутыя да адказнасьці не патрабуюць адваката, слуханьні займаюць 20 хвілінаў. Калі з адвакатам — паўгадзіны. У такіх выпадках нэрвуюцца амапаўцы — яны скардзяцца, што стаміліся зь нядосыпу.

Мянчук Аляксандар Аляб’еў таксама выглядае нявыспаным, ягонае чорнае паліто пакамечана. Ён кажа, што пры затрыманьні яго ня білі, але моцна лаяліся і не далі патэлефанаваць бацькам. Аляксандар Аляб’еў далучыўся да мітынгоўцаў толькі ўчора, калі ўпершыню прыйшоў на плошчу разам зь сябрам. Аляб’еў згадвае захоп лягеру:

(Аляб’еў: ) “Спэцназ запатрабаваў разысьціся, але людзі адрэагавалі тым, што селі. Ніякіх крыкаў, якія суправаджаюць паніку, я ня чуў. Усе аказаліся з моцнымі нэрвамі”.

Аляксандра Аляб’ева асудзілі на 10 дзён арышту. Збольшага такі ж тэрмін атрымлівалі і астатнія затрыманыя. Толькі Алесь Мазур (пра якога казалі, што ён загадваў гаспадаркай лягеру), па зьвестках, атрымаў 7 сутак. Аднак амапаўцы ў калідоры суду казалі, што адміністрацыйная справа Мазура хутка пераўтворыцца ў больш сур’ёзную. Паводле міліцыянтаў, у гэтага хлопца знайшлі 700 даляраў і сьпісы людзей, якім ён мусіць аддаць грошы. Паводле міліцыянтаў у гэтым сьпісе былі ўдзельнікі лягеру. “Ім паабяцалі грошы пасьля 25-га”, — казалі амапаўцы.

“Я пра гэта нічога ня чуў, і мне ніхто грошай не прапаноўваў”, — запэўніў мяне Аляксандар Аляб’еў за хвіліну да таго, як яго вывелі з суду.

Багдана Арлова таксама судзіў судзьдзя Аўдзейчык, але ў вялікай залі, бо на суд прыйшло шмат сяброў юнака. Арлоў казаў, што за ўсе папярэднія дні ня чуў ад міліцыянтаў аб’яваў пра тое, што мітынг быў несанкцыянаваны. Міліцыянты Камякоў і Сінічанка сьцьвярджалі, што такія папярэджаньні былі неаднаразова. У перапынку хлопец распавёў, як да іх ставіліся ў ізалятары:

(Арлоў: ) “Збольшага нармальна, але некаторых білі. Калі нас прывезьлі на Акрэсьціна, то паставілі да сьцяны, і тых, хто найбольш запомніўся, білі”.

Багдану Арлову далі 10 сутак. Увечары ў Партызанскім судзе пачалі слухаць і справу пляменьніка Аляксандра Казуліна — таксама Аляксандра Казуліна. Хлопец запатрабаваў асабістага адваката, і справу на нейкі час адклалі.

Сваякі ўжо асуджаных паспрабавалі перадаць перадачы, але іх на Акрэсьціна не прынялі. Наступныя два дні перадачаў таксама ня прымуць, бо гэта выходныя.