Разгон на Кастрычніцкай плошчы Менску: як гэта было? (абноўлены)

Радыё Свабода Мінулай ноччу намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы Менску разбурыў спэцназ. Cотні чалавек затрымалі й адвезьлі ў суды, акцыя пратэсту апазыцыі супраць несумленных выбараў спынена гвалтам.
Чацьвертая ноч у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы была неспакойная ад самага пачатку. А восьмай гадзіне вечара міліцыянты моцна зьбілі магілёўскага студэнта Міколу Ільіна, які вёз у лягер біятуалет. Лекары хуткай дапамогі канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму. З дванаццатай да другой ночы на плошчы зьявіліся паўтара дзясятка п’яных маладзёнаў, якія правакавалі спрэчкі і бойкі, выгуквалі лёзунгі ў падтрымку Лукашэнкі ды Саюзу з Расеяй і лаянку на адрас апазыцыі. Двух зь іх, што пачалі ўжываць сілу супраць актывістаў апазыцыі і журналістаў, міліцыя забрала ў аўтобус, што стаяў за Палацам рэспублікі.

У 2.50 ля левага ўваходу ў Палац зьявілася міліцэйскае кіраўніцтва, намесьнік міністра ўнутраных справаў Віктар Філістовіч перад шэрагам афіцэраў даў апошнія распараджэньні, спытаўся па рацыі пра гатовасьць спэцаўтатэхнікі і а трэцяй гадзіне загадаў пачынаць апэрацыю.

Першым яе этапам было аддзяленьне двух дзясяткаў журналістаў ад дэманстрантаў. Усіх прадстаўнікоў прэсы вывелі за мяжу плошчы, мэтраў за пяцьдзясят ад намётаў. З боку цырку пад’ехалі восем вялікіх МАЗаў, прыстасаваных для перавозкі затрыманых, і аўтобусы са спэцназам.

Вялізныя машыны ачапілі лягер, людзі пачалі выгукваць: “Міліцыя з народам!”. Адна жанчына — верагодна, Валянціна Палевікова — зьвярнулася да міліцыянтаў з просьбай не чыніць гвалту, але міліцыя ўжо прыступіла да затрыманьняў, пачуліся енкі, плач, першых дэманстрантаў пацягнулі ў машыны. Пазьней спэцназ стаў ланцугамі, стварыўшы калідоры, па якіх дэманстрантаў калёнай павялі ў машыны. Адначасова пачалося разбурэньне намётаў, зрываньне транспарантаў і бел-чырвона-белых сьцягоў. Толькі пасьля гэтага прэсе дазволілі прыйсьці на месца падзеяў, убачыць гару харчоў, тэрмасаў, адзеньня. У двух мангалах яшчэ тлела вугольле, на якім дэманстранты гатавалі ваду для гарбаты. Прыблізна ў гэты час на плошчы зьявіўся Аляксандар Казулін з жонкай:

(Казулін: ) “Сярод затрыманых два мае родныя пляменьнікі, Казулін Сашка і Алёшка, яны былі тут да самага канца, цяпер яны патэлефанавалі мне, што едзе “бамбёж” і што іх павезьлі… Нэрвы ва ўлады не вытрымалі, вось і робяць гэта ноччу, каб як мага меней сьведкаў было”.

Спадар Казулін на Кастрычніцкай плошчы сустрэў намесьніка міністра ўнутраных справаў Віктара Філістовіча і сказаў яму:

(Казулін: ) “Магу вам сказаць, што гэта паказвае, што вы ня ўмееце весьці дыялёгу”.

(Філістовіч: ) “Добра, я вам сказаў, што рукі вам не пацісну”.

(Казулін: ) “Можна паціскаць, можна не паціскаць, але трэба спакойна працаваць, каб было ўсё ў парадку”.

(Філістовіч: ) “Спакойна працавалі”.

Даваць камэнтары прэсе спадар Філістовіч адмовіўся. А Аляксандар Казулін паехаў да спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Пазьней там зьявіўся Аляксандар Мілінкевіч з жонкай, сын якой Ігар таксама быў сярод затрыманых. Пад сьценамі турмы два апазыцыйныя палітыкі правялі кароткія перамовы і, як сказаў спадар Казулін, дамовіліся пра супрацоўніцтва, нягледзячы на ранейшыя разыходжаньні.