Рэдактара газэты “Мясцовы час” зноў арыштавалі

Радыё Свабода Пінскі гарадзкі суд сёньня арыштаваў на 6 сутак Аляксандара Ярашука — галоўнага рэдактара пінскай рэгіянальнай газэты “Мясцовы час”.
Радыё Свабода стала вядома, што журналіста абвінавацілі ў лаянцы і супраціве міліцыянтам. Гэта традыцыйная фармулёўка пратаколу пры затрыманьні палітычна актыўных грамадзянаў. Паводле яе, у Пінску ў сакавіку садзілі за краты Алеся Аўсеенку, Паўла Ляхновіча, Канстанціна Чувака, Сяргея Касьцюковіча і Віктара Ярашука. Пра тое, што гэты раз адбылося з рэдактарам, Радыё Свабода паведаміла супрацоўніца незалежнага выданьня Надзея Андрэйкавец:

(Андрэйкавец: ) “Ён патэлефанаваў нам, калегам, раніцай і сказаў, што за ім ёсьць “хвост”. Запэўніў, што гатовы да ўсяго, бо яго забяруць. У міліцыю мы зьвярталіся шмат разоў, але спачатку казалі, што няма, няма... Пасьля: “Пакуль няма, але па рацыі паведамілі, што хутка даставяць”. Дзе міліцыянты так доўга вазілі Ярашука, мы пакуль ня ведаем. Лічым, што чарговае затрыманьне зьвязана менавіта з газэтай”.

(Карэспандэнт: ) “Надзея, ужо некалькі нумароў газэты даводзіцца выдаваць бязь яе рэдактара. Якім чынам гэта адбываецца?

(Андрэйкавец: ) “Стараемся! Проста стараемся працаваць, бо ведаем, што газэта абавязкова павінна існаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў сьвежым нумары ёсьць матэрыял пра затрыманьні?”

(Андрэйкавец: ) “Ёсьць пра затрыманьні й выбары. Вельмі цікавая інфармацыя на першай паласе пра тое, як прадстаўнікі Казуліна і Мілінкевіча галасавалі ў турме”.

Паводле штодзённага маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёньня адбываюць пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту дзесяць беларускіх журналістаў. Раней былі аштрафаваныя і арыштаваныя восем журналістаў, у тым ліку замежныя. Сытуацыю перасьледу камэнтуе юрыст Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Зразумела, што тут палітычная падаплёка. Адзіны сэнс, каб у наступныя дні й 25 сакавіка гэтыя людзі не змаглі выйсьці на плошчу. І таму ўжо некалькі нашых сяброў, як Віктар Ярашук, Анджэй Пісальнік, Іван Роман, якія толькі патрапілі на волю, зноў арыштаваныя”.