“Дык па стаўцы на кайзэра, Пілсудскага і Леніна павінна прыйсьці апошняя стаўка: на самых сябе!”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Сялянская ніва”, 1926 год. Нехта Горскі піша:
“Калі першая стаўка на кайзэра нічога беларусам не дала, але нічога і не адабрала, калі другая стаўка — на Пілсудскага — была нерэальнай, бо той і ня думаў зрываць з польскай панска-буржуазнай палітыкай і даць нешта беларусам, то трэцяя стаўка на камунізм — яна найгоршая, бо найбольш небяспечная. Мы не агледзімся, як Усходняя Беларусь станецца Маскоўшчынай, ад якой яна залежыць… Дык па стаўцы на кайзэра, Пілсудскага і Леніна павінна прыйсьці апошняя стаўка: на самых сябе!”

“Комуніст”, 1936 год. Беларускія пісьменьнікі абмяркоўваюць барацьбу з фармалізмам:

“Адкрываючы сход, тав.Клімковіч кажа, што абмеркаванне гэтых пытанняў пісьменнікі БССР пачынаюць са значным спазненнем. Ён падкрэслівае, што савецкая літаратура Беларусі не можа пайсці наперад без барацьбы з фармалізмам, натуралізмам і зазнайствам, асабліва сёння, калі перад літаратурай стаханаўскім часам пастаўлены выключна складаныя задачы. У нашых умовах за фармалізмам можа хавацца класава варожая нацыянал дэмакратычная ідэалогія, эпігонства”.

“Свободные новости плюс”, 1996 год. Анатоль Лябедзька:

“Мне цяжка сказаць, якія незвычайныя заслугі перад беларускай культурай і нашым народам у чачэнскага танцора Махмуда Эсамбаева, што пад яго ў нас ня толькі ствараецца цэлы фонд, якому распараджэньнем Кабінэту Міністраў ад 11.08.95 г. даюцца такія льготы, пра якія кожнаму купалаўскаму ці коласаўскаму фонду можна толькі марыць”.