Што кажуць пра акцыю пратэсту вядомыя ў краіне людзі?

Радыё Свабода Сярод удзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ёсьць шмат вядомых у Беларусі людзей – пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы й сьвятары. Некаторыя прыходзяць падтрымаць насельнікаў намётавага мястэчка духоўна, а некаторыя самі становяцца ў шэрагі пратэстоўцаў.
Мастак Алесь Цыркуноў разам зь сябрамі з творчай суполкі “Пагоня”, падрыхтаваў і даставіў на Кастрычніцкую плошчу плякат з надпісам: “Плошча Кастуся Каліноўскага”. Гэтак мастакі адгукнуліся на заклік перайменаваць галоўную плошчу краіны. Алесь Цыркуноў выказвае сваё меркаваньне пра акцыю пратэсту.

(Цыркуноў: ) “Тое, што тут адбываецца – я так думаю – гэта чарговае нашае Адраджэньне, якое было 15 гадоў таму, але ў зьвязку з апошнімі падзеямі прытухла. За гэты час падрасла новая генэрацыя моладзі, бо тое, што тут зараз адбываецца – гэта заслуга моладзі. І перажыць, вытрымаць гэтыя пакутныя начныя гадзіны, гэта трэба мець мужнасьць. Бо хтосьці захварэў ад гэтага ўсяго, у кагосьці ў бацькоў нэрвы здаюць ад хваляваньня. Але яны стаяць і вытрымліваюць, не зважаючы на заклікі разысьціся, не паддаючыся іншаму ціску звонку. Я думаю, што гэта новае адраджэньне нашай нацыі”.

Паэт Андрэй Хадановіч падтрымаў пратэстоўцаў сваім непасрэдным удзелам у акцыі. Гаворыць Андрэй Хадановіч.

(Хадановіч: ) “У такія дні зранку хрыпяць і кашляюць, бо займаюцца нямэтавым выкарыстаньнем голасу, як сказалі б у нас, штрафуючы паэтаў у пэўных органах. Але ж ня нудзіцца, не стаяць моўчкі, не паўтараць адны й тыя ж лёзунгі, нават калі яны вельмі слушныя й мы іх падтрымліваем. Трэба рабіць жыцьцё весялейшым, больш насычаным, ну і ўвогуле выпраменьваць пазытыўную энэргію на навакольных. Ім бяз нашай пазытыўнай энэргіі цяжка жылося апошніх 12 год. Дапаможам ім”.