Ліга правоў чалавека заклікае вызваліць арыштаваных

Радыё Свабода Міжнародная Ліга правоў чалавека, міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая мае адмысловы статус пры ААН, у звароце да Аляксандра Лукашэнкі выказала глыбокую занепакоенасьць масавымі арыштамі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту ў Менску.
У Заяве Лігі гаворыцца пра арышт звыш сотні чалавек, называюцца прозьвішчы Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Дабравольскага і Аляксея Янукевіча. “Беларусь узяла на сябе абавязаньні вытрымліваць міжнародныя стандарты свабоды выказваньняў і сходаў, падпісаўшы такія дакумэнты, як Міжнародная Канвэнцыя грамадзянскіх і палітычных правоў. Гэтыя правы – фундамэнтальныя для дэмакратычнага грамадзтва. Ліга заклікае прэзыдэнта Лукашэнку забясьпечыць, каб усе беларускія грамадзяне, затрыманыя за ўдзел у дэманстрацыях 20 і 21 сакавіка, былі неадкладна выпушчаныя, і каб ім было дазволены выказваць свае погляды без страху перасьледу і пакараньня”, -- сказана ў заяве.