Рэдактар расейскага часопісу "Новое время" – пра шанцы "майдану"

Юры Дракахруст, Прага Сёньняшнія падзеі на Кастрычніцкай плошчы і выступ Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтаваў для Радыё Свабода намесьнік рэдактара расейскага часопісу “Новое время” Вадзім Дубноў, які цяпер знаходзіцца ў Менску.
(Дракахруст: ) "Сёньня на плошчы ізноў сабраліся людзі, Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей не разыходзіцца. Ці могуць падзеі ў Беларусі разьвівацца паводле ўкраінскага “аранжавага” сцэнару?"

(Дубноў: ) "Я думаю, што не. І маштабы ня тыя, і горад ня так настроены, і ўпэўненасьці такой няма. Крыўда і настрой выбаршчыкаў – вось што было галоўным у фармаваньні Майдану. Тут гэтага няма, і прычыны гэтага ляжаць не на паверхні і не на плошчы, дзе гэта зараз адбываецца".

(Дракахруст: ) "Вадзім, якое ўражаньне на Вас зрабіў сёньняшні пасьлявыбарчы выступ Аляксандра Лукашэнкі?"

(Дубноў: ) "Першае, што кінулася ў вочы, я параўноўваю з беларускімі выбарамі 5 гадоў таму. Тады я бачыў расслабленага чалавека, якому перамога далася лёгка. Сёньня падчас усёй прэсавай канфэрэнцыі я бачыў чалавека, які не выходзіў са стойкі, як кажуць баксёры. Ён быў вельмі напружаны, вельмі жорсткі, ён ня столькі можа нэрваваўся, але стаўкі былі дастаткова высокімі".