Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Лукашэнка прызначыў свайго былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Віктара Шэймана дзяржсакратаром Савету бясьпекі. Ужо другі раз Віктар Шэйман узначальвае гэтую ўстанову. Упершыню ён стаў дзяржсакратаром у жніўні 1994 году пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Пазьней працаваў генэральным пракурорам краіны, кіраваў адміністрацыяй прэзыдэнта.
Менавіта калі Віктар Шэйман першы раз працаваў дзяржсакратаром Савету бясьпекі, у Беларусі пачалі зьнікаць вядомыя апазыцыянэры: спачатку Юры Захаранка, потым Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Беларуская апазыцыя і многія ў сьвеце падазраюць Віктара Шэймана ў арганізацыі гэтых злачынстваў. Кіраўніцтва Эўразьвязу ўключыла яго ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўропу.