Віцебск: на ўчастку №18 датэрмінова прагаласавалі больш як 50% выбарцаў

Радыё Свабода Участак №18 Першамайскага раёну месьціцца ў дзевяціпавярховым інтэрнаце камбінату шаўковых тканінаў. Акрамя Тацяны Севярынец, тут зарэгістраваныя назіральнікамі яшчэ сямёра чалавек, і ўсе яны працуюць на гэтым прадпрыемстве.
Зранку назіральнікам паведамілі, што за час датэрміновага галасаваньня з 2352 выбарцаў прагаласавалі 51,8%.

Участак №18, што ў Чыгуначным раёне, вядомы яшчэ й тым, што ў першыя дні датэрміновага галасаваньня назіральнікаў туды ўвогуле не дапускалі: у памяшканьні, дзе стаяць скрыні для бюлетэняў, усталявалі відэакамэру, а назіральнікам прапанавалі разьмясьціцца ў фае і назіраць за працэсам галасаваньня праз манітор.

Назіральнікі пачалі скардзіцца, і праз два дні відэакамэру прыбралі.

Сёньня на гэтым ўчастку ўсім дзеткам, якія прыходзілі галасаваць з бацькамі, бясплатна раздавалі цукеркі чупа-чупсы.

Тацяна Севярынец таксама прыпісаная да гэтага ўчастку. Яна распавяла, што ў той момант, як зайшла ў кабіну, каб прагаласаваць за свайго кандыдата, туды пачаў зазіраць старшыня камісіі. Яна мусіла зрабіць яму заўвагу за парушэньне таямніцы галасаваньня.