Беларускую амбасаду ў Кіеве адмыць не далі

Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне адбываюцца адразу дзьве акцыі – адна ля самых сьценаў місіі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, а другая – супраць. Паміж імі стаіць кардон украінскай міліцыі, якая не пусьціла ў амбасаду ўкраінскіх журналістаў – маўляў, здымаць працэс галасаваньня можа толькі Беларускае тэлебачаньне.
Раніцай украінскія дэмакратычныя арганізацыі плянавалі сымбалічна адмыць амбасаду Беларусі ад бруду старой улады. Такую акцыю ўжо ладзілі нядаўна каля кіеўскай мэрыі – сходы ля галоўнага ўваходу залілі шампунем і чысьцілі іх швабрамі. Але беларускія дыпляматы гэтага зрабіць не дазволілі, таму шампунь вылілі на вулічны брук.

Каля ўваходу ў амбасаду быў усталяваны чырвоны намёт украінскай арганізацыі “ЗУБР”, што расшыфроўваецца як “За Украіну, Беларусь, Расею”. Таксама гэты “ЗУБР” перконвае ўсіх, у тым ліку й галасуючых грамадзян Беларусі, што ў Эўропе “адзін эўрапейскі прэзыдэнт, і гэта Аляксандар Лукашэнка”. Амбасада Беларусі, якая раней скардзілася на тое, што намёты й мэгафоны перашкаджаюць ёй працаваць, цяпер з замілаваньнем слухае песьні нейкіх невядомых бардаў “за Саюз”.

На супрацьлеглым сходніку, праз вуліцу, стаяць сябры арганізацыяў “Пара” і “Студэнцкае брацтва”, патрабучы вызваліць арыштаваных у Менску ўкраінцаў. Цімур Літвін, адзіны з шасьці затрыманых, якога адпусьціў на волю менскі суд, заявіў, што яны будуць стаяць ля амбасады “да самага вызваленьня ўкраінскіх аткыітсаў-палітвязьняў”. Спадар Літвін таксама заявіў, што сёньня ў Ровенскай вобласьці пачнецца пікетаваньне беларускай мяжы.

Таксама “Студэнцкае брацтва” заявіла, што сёньня ўначы нехта скраў усю сымболіку й сьцягі пікетоўцаў каля беларускай амбасады.