Віцебск: на адным з участкаў датэрмінова прагаласавалі амаль 52% выбарцаў

Радыё Свабода, Віцебск Пра гэта сёньня а 8-й раніцы даведалася назіральніца на ўчастку № 18 Першамайскага раёну Віцебску Тацьцяна Севярынец. Участак № 18 месьціцца ў дзевяціпавярховым інтэрнаце Камбіната шаўковых тканін. Акрамя Тацьцяны Севярынец, тут зарэгістраваныя назіральнікамі яшчэ 7 чалавек, і ўсе яны працуюць на гэтым прадпрыемстве.
Зранку назіральнікам паведамілі, што за час датэрміновага галасаваньня з 2.352 выбарцаў прагаласавалі ўжо 51,8 %. На думку спадарыні Севярынец, гэта або беспрэцэдэнтны выпадак, які здарыўся на адным асобна ўзятым участку, або падобныя лічбы зафіксаваныя паўсюль, або іх знарок заніжаюць для афіцыйных паведамленьняў.

Участак № 18, што ў Чыгуначным раёне, набыў вядомасьць яшчэ й тым, што ў першыя дні датэрміновага галасаваньня назіральнікаў туды ўвогуле не дапускалі: у памяшканьні, дзе стаяць скрыні для бюлетэняў, усталявалі відэакамеру, а назіральнікам прапанавалі разьмясьціцца ў фае і назіраць за працэсам галасаваньня праз манітор. Назіральнікі пачалі скардзіцца, і праз два дні відэакамеру прыбралі.

Сёньня на гэтым ўчастку ўсім дзеткам, якія прыходзяць галасаваць з бацькамі, бясплатна раздаюць чупа-чупсы.

Тацьцяна Севярынец таксама прыпісаная да гэтага ўчастку. Яна распавяла, што ў той момант, як яна зайшла ў кабіну, каб прагаласаваць за свайго кандыдата, туды пачаў зазіраць старшыня камісіі. Яна мусіла зрабіць яму заўвагу за парушэньне таямніцы галасаваньня.