Мілінкевіч на плошчы Бангалёр: "У нас іншая музыка, музыка свабоды" (фота)

Радыё Свабода А.Мілінкевіч выступіў на канцэрце на плошчы Бангалёр. Найперш ён прывітаў у асобе ўсіх тых, хто сабраўся на канцэрце, беларускую моладзь, і сказаў, што "мы разам з вамі будзем будаваць нашую будучыню". Потым ён згадаў канцэрты, якія прайшлі пад лёзунгам "За Беларусь!", і сказаў, што "ў нас ёсьць іншая музыка, музыка свабоды".
(Карэспандэнт: ) "А.Мілінкевіч скончыў свой выступ літаральна такімі словамі: "Няхай жыве свабодны, наш такі выдатны, такі мілы беларускі рок". Потым у вельмі шчыльным коле фотакарэспандэнтаў, якіх на канцэрце вельмі шмат, А.Мілінкевіч пастаяў некаторы час на відоўні, і зараз ужо зьехаў.

Выступілі некалькі калектываў – Кася Камоцкая, навучэнцы ліцэю, Андрэй Хадановіч, выступіла "Н.Р.М.", "Нэйра-дзюбель". Зьміцер Вайцюшкевіч вельмі ўразіў публіку, калі ў якасьці першых словаў сказаў: "Зараз я буду сьпяваць пра бацьку – але не пра таго, што вы думаеце, а пра бацьку-Нёман".

Пакуль што ніякіх эксцэсаў каля сцэны не было зарэгістравана. Канцэрт дазволены да 21-й гадзіны. Вельмі шмат беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў, сьцягоў Эўразьвязу, сьцягоў з выявамі Зубра. Прымаюцца выступленьні, нягледзячы на тое, што практычна ўся пляцоўка перад сцэнай заліта вадою, зь вялікім энтузіязмам.